Праздничные мероприятия, посвященные Дню Победы, собрали в Витебске тысячи гостей и жителей города

Прысвечаная Перамозе выстаўка плакатаў адкрылася ў краязнаўчым музеі Віцебска

Па традыцыі тысячы жыхароў горада прайшлі калонай ад плошчы Леніна да плошчы Перамогі, каб адзначыць свята Дзень Перамогі і ўшанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Узначальвала шэсце сцяганосная група з ліку вайскоўцаў 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, якая несла Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, сцягі вобласці і горада, копію Сцяга Перамогі, якія сімвалізуюць гераічнае мінулае, пераемнасць пакаленняў і незалежнасць краіны на сучасным этапе.

Наперадзе рухаліся ўдзельнікі акцыі «Беларусь памятае» з сотнямі партрэтаў ветэранаў, у тым ліку школьнікі і кадэты.

Падзеі 1941 — 1945 гадоў — наш боль і неаплатны доўг перад пакаленнямі, што адышлі. Колькі б ні прайшло часу, у памяці і сэрцах беларусаў застанецца беспрэцэдэнтны подзвіг, мужнасць і гераізм кожнага, хто не шкадуючы жыцця абараняў родную краіну.

Каля Вечнага агню Мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў адбыўся мітынг, у якім удзельнічалі кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці, моладзь і сведкі тых страшных падзей. Яны ўсклалі вянкі і кветкі, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

— Сёння мы адзначаем 78-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 9 Мая — найважнейшая дата ў жыцці нашай рэспублікі. Беларусы беражліва і з павагай ставяцца да тых, хто перажыў баявыя дзеянні, смуткуюць аб тых, каго ўжо няма з намі. Менавіта дзякуючы адвазе і самаахвярнасці дзядоў і прадзедаў у нас з'явілася магчымасць жыць у свабоднай дзяржаве і пад мірным небам, — сказаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. — Вызваленчая барацьба з захопнікамі была па-сапраўднаму ўсенароднай: зямля літаральна гарэла пад нагамі акупантаў. Савецкі народ не даваў спакою ворагу ні днём, ні ноччу, крок за крокам выцясняючы яго са сваёй тэрыторыі. Карнікі за гэта жорстка помсцілі — у кожным раёне ёсць малодшыя сёстры Хатыні, якія былі знішчаны дашчэнту разам з жыхарамі. Напрыклад, вёскі Шунеўка ў Докшыцкім раёне і Вішанкі ў Чашніцкім, якія так і не адрадзіліся. Страшна ўявіць, колькі не паспела вырасці дзяцей, было паламана чалавечых лёсаў з-за вар'яцкіх ідэй і крывавай жорсткасці фашыстаў, праводжанай імі палітыкі генацыду. Гісторыя дае сучасным людзям магчымасць зрабіць урокі. Аднак, не ўсе хочуць гэта рабіць. Так, на Захадзе сёння ва ўсю падымае галаву неанацызм.

— Болюча глядзець на спробы перакроіць мінулае, абяліць злачынцаў, на руках якіх кроў сотняў тысяч мірных людзей, навязаць маладому пакаленню фальшывых герояў, — адзначыў кіраўнік Віцебшчыны. — Магу запэўніць ветэранаў, што нашу Вялікую Перамогу мы нікому не аддадзім. Гэта справа гонару для цяперашніх пакаленняў нашых суайчыннікаў. У традыцыях нашага народа годна захоўваць памяць аб сваёй гісторыі, працаваць над адраджэннем святынь і аднаўленнем імёнаў усіх, хто жыццё заплаціў за вызваленне краіны. Гэта асабліва актуальна ў Год міру і стваральнай працы. Важна, што ў пошукавай рабоце актыўна ўдзельнічаюць маладыя людзі — для іх гэта найлепшая школа патрыятызму. Толькі ў 2022-м было ўстаноўлена звыш 3 тысяч прозвішчаў воінаў, якія загінулі пры вызваленні краіны. Натуральна, галоўнымі героямі свята сталі ветэраны і тыя, хто адчуў жах вайны. Яны — прыклад для нас ва ўсім. — Мы захапляемся вашым характарам, уменнем ставіць інтарэсы Радзімы вышэй за ўласныя, — адзначыў Аляксандр Субоцін. — Ваш подзвіг прадвызначыў годнае жыццё для будучых пакаленняў беларусаў. Даў нам магчымасць ствараць і смела ісці наперад. Нізкі вам паклон!

Былая малалетняя вязніца Соф'я Шлыкова падзялілася ўспамінамі:

— Людзі, якія засталіся на акупаванай зямлі, нягледзячы на велізарную небяспеку, сыходзілі ў партызанскія атрады, вялі падпольную барацьбу. Карнікі жорстка мсцілі мясцовым жыхарам, называлі бандытамі. Але не змаглі зламіць дух народнага супраціву. Мне давялося адчуць усе жахі жыцця ў канцлагерах, пахаваць многіх родных. Таму 9 Мая — святая дата. Важна, што да Перамогі з належнай павагай ставяцца падлеткі і моладзь. Гэта значыць, што ўрокі гісторыі не будуць забыты.

Васіль Валавік, ваенны пенсіянер, адзначыў:

— Дзень Перамогі — вялікае свята, якое сведчыць аб доблесці і мужнасці нашых бацькоў і дзядоў. Яны — наша гордасць. Я заўсёды стараўся раўняцца на простых салдат і афіцэраў, якія дзеля агульнага поспеху ў справе барацьбы з нацыстамі ахвяравалі ўласнымі жыццямі. Менавіта таму я звязаў сваё жыццё са службай у арміі, абараняў інтарэсы Радзімы за яе межамі. Лічу, што не падвёў і стаў годнай зменай пакалення пераможцаў.

Пасля мітынгу афіцыйныя асобы і ганаровыя госці ўсклалі вянкі да бюста Героя Савецкага Саюза Пятра Машэрава і памятнага знака, устаноўленага на месцы пакарання смерцю савецкіх патрыётаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

"Віцебскія весці"