Спартыўна-культурны фестываль «Вытокi. Крок да Алiмпу» пройдзе ў Глыбокім 23 і 24 чэрвеня
Спартыўна-культурны фестываль «Вытокi. Крок да Алiмпу» працягнецца ў першы летні месяц у Віцебскай вобласці.
23 і 24 чэрвеня 2023 года свята прыме Глыбокае. Гэты горад Віцебшчыны валодае багатай гісторыяй і традыцыямі, з якімі пазнаёмяць прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі падчас прэс-туру.
Як вядома, 23 чэрвеня адзначаецца Міжнародны алімпійскі дзень і сімвалічна, што «Вытокі» стартуюць менавіта ў гэтую дату. У першы дзень «Вытокаў» адбудзецца семінар «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння» з удзелам спецыялістаў БДПУФК і Вышэйшай школы трэнераў, спецыялістаў спартыўных арганізацый Гомельскай вобласці. Беларуская алімпійская акадэмія арганізуе свой семінар-практыкум для педагогаў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дашкольнай адукацыі. Падчас яго правядзення ўдзельнікі пазнаёмяцца з алімпійскімі каштоўнасцямі і дасягненнямі беларускіх атлетаў на галоўных стартах чатырохгоддзя.
На дзіцячай пляцоўцы «Брыганціна» адбудзецца мастацкі інтэрактыў «Гуляйце з намі – малюйце самі», арганізаваны галерэяй «АртХаос». Вячэрнюю праграму фестывалю адкрывае спектакль тэатра-студыі кінаакцёра «Той самы Мюнхгаўзен». Завершыцца першы дзень паказам вядомай спартыўнай стужкі ў кінатэатры пад адкрытым небам.
24 чэрвеня свята працягнецца фестам «Капітал месца», які пазнаёміць з гастранамічнымі асаблівасцямі, строем і абрадамі Віцебшчыны. Прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў прадставяць на выставе-продажы «Беларускія брэнды». Каля 500 дзяцей ва ўзросце да 9 гадоў прымуць удзел
у алімпійскім забегу.
Пасля цырымоніі ўрачыстага адкрыцця пачнецца адна з самых чаканых актыўнасцей – алімпійскі квэст. Кожны ахвотны ва ўзросце да 14 гадоў атрымае магчымасць прыняць удзел у спартыўных конкурсах, праверыць свае магчымасці ў розных відах спорту, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы. Актыўнасці будуць арганізаваны на 30 пляцоўках па такіх відах спорту, як барацьба, бокс, біятлон, веласпорт, валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, пулявая стральба, цяжкая атлетыка, настольны тэніс, конны спорт, каратэ, хакей з шайбай, пажарна-выратавальны спорт, стральба з лука, тэніс, гандбол, веславанне на байдарках і каноэ, міні-гольф, турнір па брэйк-дансе, а таксама ўдзельнікаў чакаюць і іншыя актыўнасці.
На «Вытоках» будзе прадстаўлена новая цікавая лакацыя – «Гульні нашага двара». Удзельнікам прапануюць прайсці 5 этапаў квеста – «гумка», «класікі», «картошка», стральба з рагаткі і іншыя, за якія можна атрымаць памятныя сувеніры ад арганізатараў.
Таксама ў Глыбокім пройдзе фінал абласнога этапу новага інтэлектуальна-адукацыйнага праекта «Вытокi. Quiz». Праект працягнецца ў кожным з гарадоў, дзе адбудуцца «Вытокi-2023».
Акрамя таго, гасцям фестывалю прэзентуюць калекцыю адзення «Роднае-моднае» беларускіх прадпрыемстваў, дызайнераў і прадпрымальнікаў.
У гэтым годзе ў культурнай праграме «Вытокаў» праходзіць новы конкурс песні «Вершы пра галоўнае». Журы ўжо вызначыла пераможцу ў Віцебскай вобласці. На тэкст аўтара прафесійны кампазітар напіша песню, якая будзе выканана на фестывалі.
Фестывальная праграма ў Глыбокім працягнецца 24 чэрвеня вечаровым гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады. У завяршэнне свята ўсіх чакае маляўнічы феерверк і дыскатэка.
Спартыўна-культурны фестываль «Вытокi» працягнецца ў Касцюковічах (18 – 19 жніўня), Барысаве (25 – 26 жніўня).
- Упершыню фестываль адбыўся ў 2021 годзе.
- Паводле даных арганізатараў, у фестывалі за два гады прынялі ўдзел больш за 206 300 тысяч чалавек.
- Самым маштабным мерапрыемствам фестывалю стаў алімпійскі квест – 64 200 удзельнікаў.
- Юныя ўдзельнікі свята атрымалі больш за 35 тысяч прызоў.
- Найбольш маштабным квестам стаў спартыўны конкурс у Рэчыцы, дзе каля 7 тысяч дзяцей паспрабавалі сябе ў розных відах спорту.
- У 2022 годзе на фестывалі прайшоў шоў-паказ «Роднае-моднае».
- Больш за 20 беларускіх прадпрыемстваў змаглі прадставіць сваю прадукцыю ў рамках праекта.
- «Вытокi» складана ўявіць без конкурсу маладых вакалістаў, у якім прынялі ўдзел больш за 550 маладых артыстаў.
Арганізатарамі фестывалю «Вытокi» з'яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, ТАА «АртХаос» і ТАА «БелБрэндАўдыт».