У Віцебску прайшла 45-я сесія Міждзяржаўнага савета па геадэзіі, картаграфіі, кадастры і дыстанцыйным зандаванні Зямлі дзяржаў-удзельніц СНД
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін сустрэўся з кіраўнікамі картаграфа-геадэзічных службаў Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана, Азербайджана.
Кіраўнік вобласці прывітаў гасцей, падкрэсліўшы, што служба настолькі шматгранная, што цяжка нават уявiць той аб'ём працы, якi даводзіцца выконваць. Складана ўявiць жыццё без навігатараў, лiчбавых карт, розных дадзеных, якiя ўплываюць на сучасную лагiстыку, эканамiку, вядзенне сельскай гаспадаркi, жыццё звычайных грамадзян, адзначыў ён. Прыняты ў 2022 годзе закон, якi рэгулюе зямельнае заканадаўства i дазваляе правесцi так званую зямельную амнiстыю, дапамагае вырашыць шэраг надзённых пытанняў па землеўпарадкаваннi, будаўнiцтве, у падатковай i бюджэтнай сферах. Гэта было б немагчыма без сабраных дадзеных кадастравага ўліку, дыстанцыйнага зандавання Зямлi i рэгістрацыі розных правоў, агульных падыходаў да апрацоўкi iнфармацыi.
– Такая сфера дзейнасцi, як дакладнае земляробства, таксама было б немагчыма без усяго пералічанага вышэй, – падкрэслiў Аляксандр Субоцін. – Віцебшчына стараецца не адставаць ад сучасных дасягненняў, у тым лiку ў сельскай гаспадарцы. На прыкладзе сельгаспрадпрыемства «Мазалавагаз» госці пазнаёмяцца з напрацоўкамi ў сферы прымянення дакладнага земляробства, аграменеджменту i выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў.
Часткова i таму ў Віцебскай вобласці праходзіць сесiя Міждзяржаўнага савета, дзе ёсць кампетэнцыi ў сферы дакладнага земляробства, падкрэслiў старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасці Беларусі Дзмітрый Матусевіч. Рабочыя групы працуюць па ўсiх напрамках – геадэзii, картаграфii. Спецыялiсты вузкапрофiльныя, таму так важны абмен вопытам, сучаснымi тэхналогiямi, каб на iх базе рабiць сумесныя праекты.
Адным з такiх у краiнах СНД плануецца стварэнне геапартала па зямельных i маёмасцiх пытаннях. Што тычыцца Віцебскай вобласці, то ў адпаведнасцi з новым зямельным заканадаўствам вядзецца праца па зямельнай амнiстыi. У Беларусi ўсяго выяўлена 275 тысяч выпадкаў самавольнага захопу зямель i iншых парушэнняў. Мясцовыя органы ўлады павiнны правесцi адмiнiстратыўныя працэдуры ў адпаведнасцi з законам.
– Міждзяржаўны савет краін СНД па геадэзіі і картаграфіі працуе ўжо крыху больш за 30 гадоў. Такім вопытам службы нашых краін абменьваюцца на сістэмнай аснове, – падкрэсліў кіраўнік Федэральнай службы дзяржаўнай рэгістрацыі, кадастра і картаграфіі (Расрэестра) Алег Скуфінскі. – Расрэестр фактычна шэсць гадоў выконвае функцыю сакратарыята па рабоце Міждзяржаўнага савета краін СНД. Пачынаючы з гэтага года, мы ўступілі ў гэты статус афіцыйна. Праводзім работу ў цесным супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі. З Аляксандрам Суббоціным якраз гаварылі аб важнасці стварэння бясшоўнага прасторы адкрытых даных як для людзей, так і для эканомікі. Гаворка ідзе аб геапартале краін СНД па прасторавых даных. Рэалізуемы праект дазволіць нашым людзям прымаць рашэнні па жыццёвых сітуацыях. Гэта звязана і з пошукам месца вучобы, рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў, пошукам турыстычнага маршруту. Такія рашэнні па жыццёвых сітуацыях будуць прымацца на адзінай электроннай картаграфічнай аснове. Праект у доследную эксплуатацыю запускаем з 2024 года, у прамысловую – з 2025 года. З беларускімі партнёрамі зараз фарміруем прататып такога партала.
Акрамя прафесійнага дыялогу, у гасцей будзе магчымасць пазнаёміцца з культурай Віцебскай зямлі, якая мае глыбокія карані. У шэрагу знакавых аб'ектаў – дом-музей Марка Шагала, паездка ў Полацк, дзе знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы.
На геапартале якраз і будзе размешчана інфармацыя аб такіх аб'ектах. Важна, каб аб іх ведалі не толькі жыхары Беларусі, але і жыхары Камчаткі, Таджыкістана, Узбекістана, маглі аператыўна купіць білет і наведаць тое месца, якое зацікавіла. І гэта галоўнае.