Секцыі па дрон-рэйсінгу з'явяцца ў Віцебскай вобласці
Секцыі па дрон-рэйсінгу з'явяцца ў Віцебскай вобласці. Аб гэтым журналістам паведаміў старшыня Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ Віктар Нікіцін.
"Адна з нашых галоўных задач (акрамя падрыхтоўкі спецыялістаў для народнай гаспадаркі) - ваенна-патрыятычная (і спартыўная. - Заўв.) работа. Нашымі арганізацыямі за мінулы год было праведзена каля 200 мерапрыемстваў па ўсёй вобласці. Асноўнае - работа з моладдзю, навучэнцамі, аддзеламі адукацыі. І, адпаведна, развіццё тэхнічных відаў спорту. За мінулы год нашы спартсмены прынялі ўдзел у 47 спаборніцтвах рэспубліканскага маштабу, дзе паказалі высокія вынікі", - сказаў кіраўнік абласной аргаструктуры.
Ён прывёў у прыклад полацкую секцыю па картынгу, дасягненнем якой стала падрыхтоўка двух кандыдатаў у майстры спорту. "Вядома, гэта няшмат, але мы імкнемся, і рэзервы ў нас ёсць, каб дасягнуць больш высокіх вынікаў, - растлумачыў Віктар Нікіцін. - У гэтым годзе ў нас плануецца адкрыццё новых секцый па дрон-рэйсінгу (гонкі дронаў) да канца года, у кастрычніку-лістападзе. Зараз ідзе закупка абсталявання, матэрыяльных сродкаў. Мы будзем гэта развіваць і рухаць наперад, адпаведна, і іншыя напрамкі".
Пакуль жа для секцыі па дрон-рэйсінгу выбіраюць базу: абласная аргаструктура або аэраклуб. "Хутчэй за ўсё, гэта будзе на нашай базе. Будуць займацца дзеці ад 13 да 16 гадоў", - дадаў ён.
Сёння на справаздачным пленуме Віцебская абласная арганізацыйная структура ДТСААФ падводзіць вынікі работы за 2023-і і вызначае задачы на гэты год.
"БЕЛТА"