На Віцебшчыне прафінансуюць грамадзянскія ініцыятывы з абласнога бюджэту на 300 тысяч рублёў
Усяго ў фінал абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў адабрана 17 праектаў амаль з усіх раёнаў Віцебшчыны, а таксама Віцебска і Наваполацка.
Як паведаміў старшыня конкурснай камісіі, кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Дзмітрый Дзямідаў, усе яны заслугоўваюць увагі, па змесце самыя розныя і прадугледжваюць вырашэнне актуальных пытанняў той ці іншай мясцовасці. Гэта і ўвекавечанне памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкаванне тэрыторый, стварэнне безбар'ернага асяроддзя, узвядзенне аб'ектаў інфраструктуры для дзяцей і падлеткаў.
– Гэты конкурс накіраваны на максімальна шырокае ўцягванне грамадзян у працэс вырашэння праблем мясцовых супольнасцей. Пры гэтым праекты павінны мець на ўвазе не проста падачу ідэі, але і непасрэдны ўдзел у яе рэалізацыі мясцовых жыхароў, у тым ліку падключэнне ініцыятараў праекта да сафінансавання ў памеры 10 працэнтаў ад кошту праекта, – адзначыў Дзмітрый Дзямідаў.