В преддверии Дня Победы в Витебске открылась фотовыставка «Дорогами памяти. Санкт-Петербург – Витебск»

Напярэдадні Дня Перамогі ў Віцебску адкрылася фотавыстава «Дарогамі памяці. Санкт-Пецярбург – Віцебск»

Напярэдадні Дня Перамогі ў абласным цэнтры ў канцэртнай зале «Віцебск» адкрылася фотавыстава «Дарогамі памяці. Санкт-Пецярбург – Віцебск», якая арганізавана ў межах праекта «Незабытыя». 

У цэнтры экспазіцыі – работы ўраджэнкі Віцебска Валянціны Кабачэўскай, якая цяпер пражывае ў Санкт-Пецярбургу. Па дарозе на Радзіму яна спынялася каля помнікаў, завітвала ў населеныя пункты, дзе знаходзяцца воінскія пахаванні. Так нарадзілася ідэя выставы – паказаць святыя мясціны на дарозе памяці. 

– На фотаздымках занатаваныя не знакавыя, усім вядомыя мемарыялы, а магілы, помнікі, якія ўстаноўлены воддаль ад людных месцаў, вялікіх магістраляў. Усе яны дагледжаныя. Відаць, што ў маленькім мястэчку людзі памятаюць пра вялікі подзвіг савецкіх воінаў, якія аддалі жыццё за нашу свабоду і мірнае неба, – адзначыў член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі. 

У экспазіцыю таксама ўвайшлі фотаздымкі жыхароў Віцебска, якія прынеслі здымкі салдатскіх пахаванняў, зробленыя падчас наведвання родных і паездак на прыроду ў розныя куткі Віцебшчыны. Дарэчы, падчас працы выставы (па 15 мая) яе можна дапаўняць новымі сведчаннямі на «Дарозе памяці». 

– Акцыя «Незабытыя» аб’ядноўвае людзей. У дзень адкрыцця экспазіцыі на выставе было шмат маладых твараў. Упэўнены, што і ў наступныя дні сюды будзе прыходзіць моладзь, якая годна нясе эстафету памяці, – падкрэсліў Глеб Лапіцкі.