У герояў ёсць імёны. Як праходзіць ушанаванне памяці загінулых пры абароне Айчыны ў Віцебскай вобласці
Пошукавыя работы з мэтай выяўлення неулічаных воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, устанаўлення звестак пра загінулых працягваюцца ўжо не адно дзесяцігоддзе, але сёння яны маюць асаблівае значэнне.
– Вопыт захавання памяці папярэднімі пакаленнямі мы павінны браць на ўзбраенне і выбудоўваць гэту работу з улікам новых фарматаў і задач, – падкрэсліў, адкрываючы абласны семінар па ўвекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр войнаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў. – Перакананы, асноўная нагрузка тут ляжыць на органы мясцовай улады, якія выступаюць каардынатарамі ў вырашэнні пытанняў увекавечання. Наш святы абавязак – перадаць гэту эстафету памяці наступным пакаленням.
Пра маштабныя задачы Дзяржаўнай праграмы «Увекавечанне памяці пра загінулых пры абароне Айчыны» на 2021–2025 гады гаварыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая. Гэта і ўлік і ўтрыманне ў належным стане воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў, і арганізацыя і правядзенне пошукавай работы, і прадастаўленне вольнага доступу да інфармацыі пра загінулых пры абароне Айчыны і ахвяр войнаў, месцах іх пахавання.
Сёння на дзяржаўным уліку на тэрыторыі Віцебскай вобласці значыцца 1637 воінскіх пахаванняў, з іх 154 пастаўлены на ўлік з пачатку рэалізацыі праграмы. Але наперадзе яшчэ шмат работы – бо каля трохсот тысяч пахаваных абаронцаў значацца як «невядомыя». Да таго ж ідзе актыўны пошук неулічаных пахаванняў мірных жыхароў у межах расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады вайны і пасляваенны перыяд.
Намеснік камандзіра 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь маёр Аляксандр Крамянеўскі прадставіў падрабязны алгарытм узаемадзеяння з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі і грамадскімі арганізацыямі ў ходзе арганізацыі і правядзення палявых пошукавых работ. Дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова Ірына Шышкова абазначыла праблемы і шляхі іх вырашэння па ўвекавечанні загінуўшых пры абароне Айчыны і ахвяр войнаў, звярнуўшы ўвагу на напаўненне і вядзенне аўтаматызаванага банка даных у разрэзе гарадоў і раёнаў «Кніга Памяць. Віцебская вобласць». Сваім вопытам работы ў дадзеным напрамку падзяліліся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама Ірына Тарасава і начальнік службы рэжымаў газазабеспячэння і ўліку расходу газу УП «Віцебскаблгаз», кіраўнік пошукавага атрада, член ПА РГА «Белая Русь» УП «Віцебскаблгаз» Васіль Шаткоў. З цікавасцю было ўспрынята выступленне старшыні Савета ўзаемадзеяння пошукавых атрадаў Віцебскай вобласці «Пошук» Ларысы Бруевай.
– На мемарыяльных плітах нашых помнікаў нанесены імёны толькі паловы пахаваных абаронцаў Айчыны. Амаль столькі ж яшчэ трэба будзе ўстанавіць, - сказала Ларыса Навумаўна. – Нам трэба паскорыць нашу працу, у тым ліку па ўдакладненні спісаў, унесеных у кнігу «Памяць» па гарадах і раёнах.