Уважаемые застройщики!

Паважаныя забудоўшчыкі!

Нагадваем вам, што ў рамках дзеючага заканадаўства будаўніцтва жылога дома на зямельных участках, прадастаўленых ва ўстаноўленым парадку для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, павінна быць завершана грамадзянінам на працягу трох гадоў з даты ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі права прыватнай уласнасці, пажыццёвага спадчыннага валодання або арэнды на такія зямельныя ўчасткі.

Грамадзянін мае права на падаўжэнне тэрміну будаўніцтва, але не больш чым на два гады, звярнуўшыся з заявай у райвыканкам не раней чым за шэсць месяцаў і не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну будаўніцтва. Таксама ў выпадку немагчымасці завяршэння будаўніцтва ва ўстаноўленыя тэрміны, грамадзянін абавязаны ажыццявіць кансервацыю не завершанага будаўніцтвам жылога дома, тэрмін такой кансервацыі не можа перавышаць трох гадоў. Пры гэтым права на падаўжэнне ўстаноўленага тэрміну будаўніцтва, а таксама кансервацыя жылога дома можа быць ажыццёўлена ў дачыненні да канкрэтнага аб'екта будаўніцтва толькі адзін раз.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. № 300-З «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» завершаныя ўзвядзеннем аб'екты падлягаюць прыёмцы ў эксплуатацыю. Прыёмка ў эксплуатацыю жылога дома дапускаецца без выканання асобных відаў работ, калі гэта прадугледжана зацверджанай праектнай дакументацыяй, не супярэчыць заканадаўству і не перашкаджае эксплуатацыі аб'екта, функцыянаванню інжынернай інфраструктуры.

У мэтах спрашчэння парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аднакватэрных жылых дамоў і (або) нежылых капітальных пабудоў пятага класа складанасці на прыдамавой тэрыторыі прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2022 г. № 253, у адпаведнасці з якім да 1 студзеня 2025 г. аб'екты будаўніцтва, узведзеныя (рэканструяваныя) грамадзянамі на зямельных участках, правы на якія ў іх узніклі да 1 верасня 2022 г. і прызначаныя для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, могуць прымацца ў эксплуатацыю без наяўнасці дазвольнай дакументацыі на іх будаўніцтва (рэканструкцыю) і (або) праектнай дакументацыі, і не прызнаюцца самавольным будаўніцтвам.

Эксплуатацыя жылога дома грамадзянамі без яго прыёмкі ва ўстаноўленым парадку альбо з парушэннем такога парадку прыёмкі ў эксплуатацыю з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і цягне накладанне штрафу ў памеры ад двух да дзесяці базавых велічынь.

За тлумачэннямі грамадзянам звяртацца ў кабінет № 11 райвыканкама.