Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей»
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей“ накіраваны на павышэнне ўзроўню мінімальных гарантый грамадзянам у перыяд іх сацыяльнай уразлівасці.
Законам прадугледжваюцца наступныя новацыі.
1. Павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па цяжарнасці і родах, у тым ліку для жанчын, за якіх:
сплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якія не маюць 6 месяцаў стажу (маладыя спецыялісты, жанчыны, якія пачынаюць працоўную дзейнасць), ‒ з 50 працэнтаў БПМ (209 рублёў) да 100 працэнтаў МЗП (626 рублёў) у месяц;
не сплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне ў бюджэт фонду, якія маюць права на дадзены від дапамогі (навучэнкі, студэнткі, жанчыны, якія праходзяць службу, жанчыны, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных), – з 50 працэнтаў БПМ (209 рублёў) да 100 працэнтаў БПМ (418 рублёў) у месяц.
2. Павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзіцем для застрахаваных жанчын, якія не маюць 6 месяцаў стажу, з 50 працэнтаў БПМ да 100 працэнтаў МЗП (па аналогіі з дапамогай па цяжарнасці і родах).
3. Павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці асобных катэгорый сем'яў пры прызначэнні дапамогі на дзяцей старэйшыя за 3 гады, у тым ліку:
захаванне права на яе прызначэнне сем'ям з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід дасягнуў узросту 18 гадоў, яму ўстаноўлена I група інваліднасці і адзін з бацькоў ажыццяўляе за ім догляд з атрыманнем адпаведнай дапамогі (у цяперашні час выплата дапамогі спыняецца пры дасягненні дзіцем-інвалідам 18 гадоў);
прызначэнне дадзенай дапамогі на дзіця, якое выхоўваецца ў сям'і маці, калі бацька дзіцяці, абавязаны плаціць аліменты, праходзіць тэрміновую ваенную службу, альетрнатыўную службу (сёння ў гэты перыяд маці не атрымлівае на дзіця аліменты).
4. Узмацненне падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, у тым ліку:
прадастаўленне бацькам права на атрыманне ўсіх відаў дзяржаўных дапамог у перыяд кароткачасовага знаходжання дзіцяці-інваліда ў доме дзіцяці у сувязі з аказаннем яму медыка-сацыяльнай дапамогі;
пашырэнне правоў на атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзіцем-інвалідам на перыяд яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі, калі ў сям'і некалькі дзяцей-інвалідаў. Прапануецца прадаставіць права на атрыманне:
дапамогі іншай асобе (не бацьку), калі бацька заняты доглядам за іншым сваім дзіцем-інвалідам;
дзвюх дапамог, калі абодва дзіцяці-інваліда ў адзін перыяд маюць патрэбу ў санаторным лячэнні, рэабілітацыі і іх суправаджаюць розныя асобы.
5. Узмацненне кантролю за мэтавым выкарыстаннем дзяржаўных дапамог у дачыненні да сем'яў, дзе выяўлены выпадкі знаходжання дзяцей у неспрыяльнай для іх абстаноўцы, у тым ліку:
абавязак дзяржаўных органаў, арганізацый, якія прызначаюць і выплачваюць дапамогі, прадстаўляць без згоды грамадзян інфармацыю аб атрымальніках дапамог і членах іх сем'яў па запытах устаноў адукацыі, якія праводзяць у дачыненні да такіх сем'яў сацыяльнае расследаванне, а таксама камісій па справах непаўналетніх;
спыненне выплаты дапамог з дня ўступлення ў сілу рашэння суда аб адабранні дзіцяці, дня прыняцця органам апекі і папячыцельства або камісіяй па справах непаўналетніх рашэння аб адабранні дзіцяці.