Стань часткай нашай каманды!
Расонскія ратавальнікі азнаёмілі навучэнцаў школ раёна са сваёй прафесіяй на базе падраздзяленняў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Падбор кандыдатаў на паступленне ва ўстановы адукацыі МНС і праходжанне службы ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях – асноўная мэта мерапрыемстваў, якія праводзяцца. У рамках гутаркі з навучэнцамі старэйшых класаў Расонскай сярэдняй школы начальнік раённага аддзела па НС Аляксей Марозаў расказаў пра перавагі прафесіі ратавальніка і ўмовы праходжання службы.
– Мы кожнага з вас разглядаем як патэнцыйнага кандыдата, – звярнуўся да школьнікаў кіраўнік. – Будзем рады, калі хтосьці з прысутных стане часткай нашай каманды!
Намеснік начальніка Расонскага падраздзялення па НС Вячаслаў Беляўскі, размаўляючы з вучнямі са школ аграгарадка Клясціцы і аграгарадка Краснаполле, расказаў пра матэрыяльна-тэхнічную базу пажарных аварыйна-выратавальных пастоў, пра тое, у якім рэжыме нясуць службу работнікі МНС. Таксама Вячаслаў Валер'евіч азнаёміў рабят з тэхнікай і абсталяваннем, з якім сёння працуюць ратавальнікі.
Падчас усіх мерапрыемстваў быў арганізаваны прагляд відэаматэрыялаў пра Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. Таксама школьнікі змаглі пабыць у ролі работнікаў МНС, прымерыўшы на сябе баявую вопратку і папрацаваўшы аварыйна-выратавальным інструментам.