Лукашенко оценил объем торговли с Липецкой областью: неплохая цифра, но полмиллиарда лучше

Лукашэнка ацаніў аб'ём гандлю з Ліпецкай вобласцю: нядрэнная лічба, але паўмільярда лепш

Аб'ём узаемнага гандлю з Ліпецкай вобласцю Расіі на ўзроўні $330 млн з'яўляецца нядрэнным паказчыкам, але паўмільярда было б лепш. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Ліпецкай вобласці Расіі Ігарам Артамонавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў дэлегацыю расійскага рэгіёна, адзначыўшы, што Ігар Артамонаў добра ведае Беларусь і бакамі ўжо створаны зачын для далейшага пашырэння супрацоўніцтва. Гэта, па словах Прэзідэнта, пацвярджаюць актыўныя кантакты з Ліпецкай вобласцю за апошнія два гады і даныя эканамічнай статыстыкі.

Двухбаковы таваразварот за мінулы год склаўся ў памеры $330 млн. "Лічба нядрэнная, але, як мы кажам, паўмільярда лепш. Таму мэта ў нас - імкнуцца да таго, каб дасягнуць таваразвароту аб'ёмам у $500 млн. Я думаю, гэтую планку мы дасягнем на працягу найбліжэйшага часу, - перакананы беларускі лідар. - Рэзерваў дастаткова. Тым больш мы ўжо пачынаем, калі можна так сказаць, пажынаць плады, не пабаюся такога слова, лёсавызначальных рашэнняў у рамках нашага саюза Беларусі і Расіі". У гэтай сферы, як нагадаў Аляксандр Лукашэнка, было прынята шмат рашэнняў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

"Прымаючы лёсавызначальныя рашэнні, мы аказвалі падтрымку нашым урадам і міністрам у развіцці кааперацыі, перш за ўсё прамысловай кааперацыі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, як сур'ёзна прасунулася Расія ў сельскай гаспадарцы. Прычым адбылося гэта не без удзелу Беларусі. А цяпер у парадку дня ўзаемнага супрацоўніцтва - высокатэхналагічныя галіны, перш за ўсё мікраэлектроніка.

"Заходнікі сышлі (дзякуй богу, што сышлі). Мы будзем развіваць сваё. Вы ведаеце, што наша былая краіна, у якой мы ўсе жылі - Савецкі Саюз, - у прынцыпе, абыходзілася незалежна ад Захаду. Проста розуму не хапіла захаваць краіну. Але мы маглі тады, зможам і цяпер", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Ключавымі напрамкамі нашай эканомікі з'яўляюцца тэхналагічны суверэнітэт і вытворчая кааперацыя. Сёння трэба кааперавацца, што мы і робім з расіянамі", - працягнуў Прэзідэнт.

Тавараабарот Беларусі з Ліпецкай вобласцю Расіі стабільна нарошчваецца з 2020 года. У 2021-м ён склаў $315 млн, у 2022-м дасягнуў амаль $334 млн. Пры гэтым беларускі экспарт вырас з $70 млн у 2021-м да больш чым $91 млн летась, або на 31%. З нашай краіны ў расійскі рэгіён пастаўляліся ў асноўным халадзільнікі, маразільнікі і халадзільнае абсталяванне, змешаныя мінеральныя угнаенні, мыйныя машыны, прадукты з мяса, пруткі з нелегіраванай сталі. Аснову імпарту склалі металургічная прадукцыя (розныя віды пракату сталі), насенне рапсу, мінеральныя смалы.

Са студзеня па сакавік гэтага года тавараабарот склаўся ў памеры $68 млн, што на 2,5% вышэй за паказчыкі за аналагічны перыяд мінулага года. Росту ўзаемнага гандлю спрыяла актывізацыя кантактаў з кіраўніцтвам Ліпецкай вобласці. З моманту прызначэння губернатарам у чэрвені 2022 года Ігар Артамонаў наведваў Беларусь тройчы, а цяперашні яго візіт - чацвёрты па ліку.

Крыніца: