Лукашенко: главный критерий в оценке кадров - результат

Лукашэнка: галоўны крытэр у ацэнцы кадраў - вынік

Галоўны крытэр у ацэнцы кадраў – вынік. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па ўдасканаленні работы з кадрамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для таго, каб ацаніць кадры (гэта наш, дарэчы, вялікі недахоп, і мой таксама), мы ўсякую размазню пачынаем слухаць. Калі Адміністрацыя дзесьці недапрацоўвае ці не працуе, то ва ўрада з'явіўся, з майго пункту гледжання, крэн – прыгожа расказаць, растлумачыць, упакаваць вітыева і паспрабаваць мне даказаць, што гэта немагчыма", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад працу па стварэнні вытворчасці новых боепрыпасаў. Першапачаткова Прэзідэнту дакладвалі, што арганізаваць гэта будзе вельмі складана. Але кіраўнік дзяржавы даручыў ушчыльную заняцца гэтым пытаннем, і ў выніку пастаўленыя ім задачы былі выкананы.

"Вы проста не разумееце, з кім маеце справу. Вопыт у мяне ёсць. І крытэрыі мною вызначаны асабіста. Таму не спрабуйце мне тут нешта даказаць. Галоўнае ў ацэнцы кадраў – вынік. Даручана ў кожным раёне рэалізаваць адзін інвестыцыйны праект – рэалізоўвайце. Не рэалізавалі – значыць, вам там рабіць няма чаго, – падкрэсліў Прэзідэнт. – А так мне расказваюць: старшыня райвыканкама не цягне, недацягвае, вось ледзь-ледзь, вымову аб'явім, перавыховаем. Слухайце, вы што? Каго вы перавыхоўваеце? Яму ўжо за сарок, пад пяцьдзесят, а вы яго хочаце перавывоспитать. Калі ён на такой пасадзе, якая навідавоку ўсіх (гэта і губернатараў тычыцца, і членаў урада – усіх службовых асоб), і калі ён не выдаў вынік, што вы ад яго чакаеце? Чым далей будзе, тым горш".

У якасці яшчэ аднаго прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў стан спраў у сельскай гаспадарцы. Кожную раніцу кіраўнік дзяржавы атрымлівае зводкі з палёў. Прэзідэнт параўнаў: Брэсцкая і Гродзенская вобласці знаходзяцца прыкладна ў аднолькавых умовах, але ў першай тэмпы работ па нарыхтоўцы кармоў у два разы вышэйшыя.

"У чым справа? Я ж не параўноўваю Гродна і Брэст з Віцебскам. А хто гарантуе Каранiку (старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Каранiку. - Заўвага. БЕЛТА), што заўтра ўся яго тэхніка і ён не будуць перакiнуты ў Віцебск для таго, каб аказаць падтрымку там? Чаго вы марудзiце? Мне патрэбен вынiк, асаблiва ў крытычнай сiтуацыi, - запатрабаваў кiраўнiк дзяржавы. - У сельскай гаспадарцы сiтуацыя хай не крытычная, але вельмi сур'ёзная. Але гэта мы на наступным тыднi паслухаем урад, як ён думае з гэтай сiтуацыi выходзiць".

"Але гэта так, да прыкладу. Каб вы разумелi, што, гледзячы на краiну, я ацэньваю працу кадраў i думаю: а чаму няма ў гэтым накiрунку руху, чаго вы чакаеце? Таму нiякiх размазванняў, размоў i бойкiх дакладаў не трэба. Патрэбен вынiк. I па гэтым крытэрыi будзем ацэньваць усе кадры", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Крыніца: belta.by