Лукашэнка: Беларусь гатова ўдзельнічаць у мадэрнізацыі ключавых сектараў расійскай эканомікі
Беларусь гатова ўдзельнічаць у мадэрнізацыі ключавых сектараў расійскай эканомікі. Пра гэта гаворыцца ў прывітанні кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам X Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіць ва Уфе, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што эканоміка - гэта аснова любых грамадскіх працэсаў і ляжыць у аснове супрацоўніцтва. Толькі па выніках праведзеных раней форумаў рэгіёнаў падпісаны камерцыйныя кантракты на агульную суму амаль у $5 млрд. "Так, лічбы гандлёвай статыстыкі цешаць. Але спачываць на лаўрах занадта рана. Упэўнены, мы здольныя на большае, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Неабходна павышаць канкурэнтаздольнасць дзвюх краін праз паглыбленне прамысловай кааперацыі, вырашаць пытанні спецыялізацыі, імпартазамяшчэння, перш за ўсё ў мікраэлектроніцы і іншых высокатэхналагічных галінах. Максімальна разгортваць міжрэгіянальны гандаль і развіваць транспартна-лагістычныя калідоры, знаходзіць дадатковыя драйверы інтэграцыйных працэсаў".
"Беларусь гатова ўдзельнічаць у мадэрнізацыі ключавых сектараў расійскай эканомікі, стварэнні сумеснх вытворчасцей. У нас шмат цікавых і запатрабаваных рэгіёнамі Расіі прапаноў у галіне сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, паставак абсталявання, фарміравання кампанентнай базы, харчовай і лёгкай прамысловасці, асваення космасу, фармацэўтыкі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, важнымі складнікамі беларуска-расійскага ўзаемадзеяння таксама з'яўляюцца навука, культура, адукацыя.
Дзейнічае 81 пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і 73 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі.
"Па сваёй сутнасці форум стаў выніковай дыялогавай пляцоўкай, на якой прымаюцца патрэбныя народам дзвюх краін рашэнні. Важна, што ў авангардзе распрацоўкі гэтых рашэнняў стаяць прадстаўнікі розных сфер - палітыкі, бізнес, культура, навука. Гэта і ёсць тая самая народная дыпламатыя, якая даказвае сваю эфектыўнасць. І роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў такіх працэсах імкліва ўзрастае. У цэлым нашы пазіцыі застаюцца нязменнымі - ніякіх бар'ераў і абмежаванняў ва ўзаемадзеянні. Гэта базавы прынцып партнёрства. Спрэчныя моманты, калі яны ўзнікаюць, павінны вырашацца аператыўна і ў канструктыўным рэчышчы", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Крыніца: