Лукашенко напомнил об инвестпроектах в регионах: каждый район должен зарабатывать себе деньги

Лукашэнка нагадаў пра інвестпраекты ў рэгіёнах: кожны раён павінен зарабляць сабе грошы

Кожны раён павінен зарабляць сабе грошы. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Магілёўскага завода ліфтабудавання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка далажыў кіраўніку дзяржавы аб асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту ў Магілёўскай вобласці за студзень - май склаў 98,6% да аналагічнага перыяду мінулага года.

"Тры правалы ў цябе па вобласці. Самае дзіўнае, у цябе ж і прамысловасць правальваецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як удакладніў Анатоль Ісачанка, выйсці на запланаваныя паказчыкі па ВРП не могуць з-за дрэнных вынікаў у прамысловасці, рознічным і аптовым тавараабароце. Што тычыцца прамысловасці, пытанні ёсць па двух напрамках - дрэваапрацоўцы і вытворчасці цэменту. Да канца года іх разлічваюць вырашыць, зрухі ўжо ёсць.

Прэзідэнт пацікавіўся тэмпамі будаўніцтва жылля, як вырашаюцца праблемныя пытанні на найбуйнейшых прадпрыемствах вобласці і як рэалізуюцца ў рэгіёне інвестыцыйныя праекты. "Пытанне не ў тым, каб заняць людзей. У нас з гэтым праблем амаль няма. Пытанне ў тым, каб кожны раён зарабляў сабе грошы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І гэты праект, які яны там ствараюць, не проста стварыў - адрапартаваў".

"У кожным раёне свой праект. Праекты рознай накіраванасці. Яны літаральна ўсе ў працы", - адказаў губернатар. У прыклад ён прывёў вырошчванне вясёлкавай стронгі на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. Штомесяц прадпрыемства вырошчвае 20 т рыбы, прадукцыя карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гандлёвых сетках.

Гэтай жа тэмы Аляксандр Лукашэнка закрануў і падчас сустрэчы з працоўным калектывам "Магілёўліфтмаша", калі загаварылі пра занятасць і мэтазгоднасць будаўніцтва новых вытворчасцей у вобласці. "Вы ж ведаеце мой "жудасны" праект: у кожным раёне павінны на працягу гэтага года - максімум наступнага стварыць высокатэхналагічнае прадпрыемства. 21 раён (у Магілёўскай вобласці. - Заўвага. БЕЛТА) - 21 прадпрыемства. Стварым, пачалі рухацца. Грошы дапамагаем. Туды патрэбныя людзі - і людзі з добрым розумам. Таму нам патрэбныя будуць людзі. Прадпрыемствы мы пабудуем, гэта не пытанне сёння ўжо", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы на "Магілёўліфтмашы" наведаў вытворчыя памяшканні. Тут размова ішла аб далейшых перспектывах, у тым ліку павелічэнні аб'ёмаў і спектру выпускаемай прадукцыі, задзейнічанні дадатковых тэрыторый.

Затым Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыю сучаснага ліфтавага абсталявання, якое вырабляюць на прадпрыемстве. Холдынг таксама выпускае электрарухавікі розных мадыфікацый, дрэваапрацоўчую, сельскагаспадарчую, бытавую тэхніку.

Адзін з акцэнтаў кіраўнік дзяржавы зрабіў на пытанні энергазберажэння. Ёсць у арсенале прадпрыемства, напрыклад, і прылада для абеззаражвання ліфтаў і памяшканняў, што асабліва актуальна з прычыны нядаўняй пандэміі.

"Магілёўліфтмаш" актыўна працуе над імпартазамяшчэннем. На прадпрыемстве рэалізуецца некалькі інвестыцыйных праектаў, аб чым таксама далажылі Прэзідэнту.

У першую чаргу гэта мадэрнізацыя вытворчасці хуткасных ліфтаў і ліфтаў з безрэдуктарным прывадам. Такі механізм мае высокі каэфіцыент карыснага дзеяння, павышаную надзейнасць і даўгавечнасць, а ліфты рухаюцца практычна без шуму і вібрацыі.

На прадпрыемстве таксама ствараюць вытворчасці электрарухавікоў, цягавых рухавікоў для электратранспарту і выбухаабароненых электрарухавікоў для прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці.

Крыніца: belta.by