"Это вопрос государственной важности". Лукашенко рассказал о вскрытии преступных схем в молочной отрасли

Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці. Лукашэнка распавёў пра выкрыццё злачынных схем у малочнай галіне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада падчас нарады ў Палацы Незалежнасці распавёў аб выяўленні злачынных схем у малочнай галіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сувязі з тым, што да мяне хадакі пайшлі па некаторых пытаннях, я хацеў бы публічна агучыць праблему. Можа, хтосьці адкажа на некаторыя пытанні з прысутных (прэм'ер-міністр, віцэ-прэм'ер, кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю), выслухаўшы гэта. Але паколькі следства па гэтай справе ідзе, я не магу шмат фактаў агучваць. Але тыя, хто спрабуе на мяне выйсці, яны пачуюць і зразумеюць, што я маю на ўвазе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аб выяўленай праваахоўнікамі схеме кіраўнік дзяржавы распавёў на прыкладзе магілёўскага прадпрыемства "Бабушкіна крынка". Некалькі гадоў таму туды быў прызначаны новы кіраўнік. Ён сфармаваў сваю "каманду" з ліку набліжаных знаёмых і сваякоў і пачаў "новую збытавую палітыку".

"У верасні 2019 года на пасаду дырэктара прызначаны спадар Скітоў. Сфармаваў сваю каманду мэнэджараў (многія любяць пра гэта гаварыць: "Каманда… мы тут…". Я заўсёды вас убярэг ад гэтага: ніякіх каманд, павінна быць кіраўніцкая структура і іншае), новую збытавую палітыку, цалкам замкнуў на сябе фінансавыя патокі, - заўважыў Прэзідэнт. - Кіроўцу начальнікам прызначыў. І сваякі - стрыечны пляменнік, стрыечны брат і сын (як жа без гэтага?)".

"У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узяты ў распрацоўку 8 камерцыйных груп, якія ўстанавілі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію прадукцыі шэрагу айчынных малоепрацоўных прадпрыемстваў. Зараз пачнуць выць і крычаць: было "справа лекараў", была справа яшчэ кагосьці, зараз - "справа малочнікаў". Я спецыяльна гэта кажу пры губернатарах, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў "Бабушкіну крынку". Але адказваць будзеце ўсе. Прытым жорстка будзеце адказваць", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

"Адметнай асаблівасцю дзейнасці ўладальнікаў беларускіх фірмаў з'явілася наяўнасць падкантрольных суб'ектаў гаспадарання на тэрыторыі Расіі, што дазваляла прадаваць прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а затым рэалізоўваць тавар канчатковаму спажыўцу па больш высокай цане, заніжаючы падаткаабкладаемую базу. Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Раман Аляксандравіч (прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўв. БЕЛТА), таксама адкажаце, калі там будуць вашы асобы. Там свецяцца і члены ўрада. Я не называю прозвішчы, пакуль ідзе следства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Шляхам подкупу асобныя камерсанты атрымлівалі права першачарговага размеркавання малочнай прадукцыі ( масла, сыры, іншай малочнай прадукцыі) на сваю карысць з магчымасцю закупкі па цане ніжэй за ўстаноўлены індыкатыў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падобная злачынная схема стала магчымай, таму што ва ўрадзе не выпрацавана сістэма рэалізацыі прадукцыі. "Многія прапануюць праз біржу ўсё прадаваць і гэтак далей. Гэта ваша справа. Але як толькі замялі гэтых дзеячаў, пасадзілі куды трэба, зусім іншыя цэны на прадпрыемствах. І ўсё пачалося, спадар Субоцін (старшыня Віцебскага аблвыканкама. - Заўв. БЕЛТА), з Віцебскай вобласці. Можа быць, да вас. Але не дай бог (губернатараў папярэджваю) косякі будуць у вашу бытнасць, мала не пакажацца. Будзе аж у вачах цёмна, якімі б вы надзейнымі і адданымі мне ні былі. Гэта пытанне не Лукашэнкі. Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці", - заявіў Прэзідэнт.

Ён звярнуў на выяўленыя факты ўвагу старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю: "Яшчэ раз хачу публічна, Васіль Мікалаевіч, папярэдзіць вас. Гэта добра, што вы бачыце фермы неўбраныя. Гэта з іх спытаюць. Але вось тут вашы косякі. Займіцеся прынцыпова".

"Я даручыў старшыні Камітэта (КДБ. - Заўв. БЕЛТА) усіх перапісаць, усю ўласнасць. А ўласнасці там немерена. Усё павінна быць канфіскавана ў даход дзяржавы. Шкода мы бачым. Памнажайце на тры (не ўсе ўбачылі), а можа, на пяць. Уся ўласнасць павінна быць у дзяржавы. Агрэлі да крайнасці", - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў старшыня КДБ Іван Тэртэль, у выніку аператыўнай дзейнасці было затрымана 26 чалавек, на дадзены момант 15 арыштаваны.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў упаўнаважаным Прэзідэнта заняцца сітуацыяй у даручаных рэгіёнах. Асаблівую ўвагу ён даручыў надаць сталіцы. "У вас у Мінску каня не валялася. Займайцеся. Разбярэмся з усімі", - падвёў вынік беларускі лідар.

Крыніца: belta.by