Індывідуальны падыход і справядлівасць. Галоўныя акцэнты нарады ў Лукашэнкі па амністыі і крымінальным заканадаўстве
Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы на тэму ўдасканалення заканадаўства аб крымінальнай адказнасці расказала журналістам аб галоўных акцэнтах адбыўшагася мерапрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наталля Эйсмант нагадала, што разглядаліся дзве рэзанансныя для грамадства тэмы - правядзенне амністыі і ўдасканаленне мер крымінальнай адказнасці за некаторыя віды злачынстваў, у прыватнасці менш цяжкія. Былі заслуханы даклады міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы. "Падходы дакладчыкаў па асноўных абмяркоўваемых сёння тэмах кіраўнік дзяржавы падтрымаў", - сказала Наталля Эйсмант.
Паводле яе слоў, абмеркаванне, якое доўжылася каля дзвюх гадзін, будавалася з акцэнтам на двух найважнейшых прынцыпах, аб выкананні якіх неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы. "Індывідуальны падыход і прынцып справядлівасці - на гэтым рабіў акцэнт Прэзідэнт усю нараду", - падкрэсліла прэс-сакратар.
На асобныя моманты Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу адказных асоб. "Напрыклад, Прэзідэнт гаварыў аб рабоце Камісіі па пытаннях памілавання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Тут прынцыпы і патрабаванні Прэзідэнта наступныя: работа камісіі павінна пастаянна ўдасканальвацца, Прэзідэнт чакае ад камісіі прапаноў", - адзначыла Наталля Эйсмант. І, безумоўна, у аснове прапаноў камісіі, вылучаных на ўзровень кіраўніка дзяржавы, павінны ляжаць прынцып справядлівасці і індывідуальны падыход.
Падчас нарады закраналася таксама работа праваахоўных органаў і іх асобных структурных падраздзяленняў - інспекцый па справах непаўналетніх і Дэпартамента па выкананні пакаранняў.
"Асобна абмяркоўваліся пытанні, звязаныя са злачынствамі па наркатычных артыкулах. Тут зразумела роля камісій па справах непаўналетніх і зразумела, што Прэзідэнт чакае ўзмацнення працы гэтых камісій. Такі сігнал быў сёння пададзены", - дадала прэс-сакратар.
Пры гэтым праца праваахоўнікаў павінна ў абавязковым парадку будавацца на прынцыпе справядлівасці. А любыя праявы так званай "палачна-галачнай" сістэмы абсалютна непрымальныя. "Пра гэта Прэзідэнт казаў і раней не раз, сёння ён гэта для міністра ўнутраных спраў, у прыватнасці, паўтарыў", - адзначыла Наталля Эйсмант.
Работа папраўчых устаноў і Дэпартамента выканання пакаранняў разглядалася на нарадзе ў сувязі з маючай адбыцца амністыяй і памілаваннем. Прэзідэнт бачыць неабходнасць узмацніць ролю папраўчых устаноў, улічваць іх меркаванне пры прыняцці рашэнняў аб амністыі або памілаванні, паколькі менавіта там ведаюць пра паводзіны тых, хто адбывае пакаранне. Асобная тэма - гэта занятасць, і асабліва занятасць памілаваных, амніставаных. "Гэта павінна быць безумоўна і павінна выконвацца безагаворачна. На гэтым Прэзідэнт зрабіў акцэнт і праанаваў па пытаннях занятасці вялікую размову на вышэйшым узроўні, на ўзроўні Прэзідэнта", - распавяла Наталля Эйсмант. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў і важнасць забеспячэння кантролю за тымі асобамі, якія будуць вызвалены ў выніку амністыі, а таксама іх уліку. "Яны будуць выходзіць з месцаў пазбаўлення волі на пэўных умовах. І кантроль за тым, як гэтыя ўмовы будуць выконвацца, павінен быць жалезным. А інакш, як сказаў Прэзідэнт, рэакцыя будзе імгненнай і жорсткай, - заявіла прэс-сакратар. - Пры ўсіх змякчальных падыходах, пры ўсіх прынцыпах справядлівасці, на якіх мы працуем, пытанне бяспекі Прэзідэнт безумоўна ставіць на першае месца".
Крыніца: belta.by