Лукашенко отвел срок до 1 января на создание эффективной системы торгового обслуживания по всей Беларуси

Лукашэнка адвёў тэрмін да 1 студзеня на стварэнне эфектыўнай сістэмы гандлёвага абслугоўвання па ўсёй Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адвёў тэрмін да 1 студзеня на стварэнне эфектыўнай сістэмы гандлёвага абслугоўвання па ўсёй краіне, і перш за ўсё ў сельскай мясцовасці. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па гандлі павінна быць сістэма. У нас сістэмная дзяржава", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсць рэгіёны (вобласці і горад Мінск), раёны, больш за 1400 аграгарадкоў, буйныя вёскі. Усе яны размешчаны ўздоўж асноўных дарог. Ёсць і маленькія хутаркі, і вёсачкі, якія называюць неперспектыўнымі. Там жывуць 7-10 чалавек, у асноўным пажылога ўзросту, але якія ў свой час стваралі краіну, звярнуў увагу беларускі лідар.

"Вось зыходзячы з гэтага вы павінны выпрацаваць сістэму абслугоўвання людзей. У вас 1 студзеня тэрмін, - паставіў задачу Прэзідэнт. - І не дай бог памочнікі і ўпаўнаважаныя ўбачаць хоць адну вёсачку, дзе "баба Дуня" не атрымала тое, на што яна ўсё жыццё працавала".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ёсць добрыя прыклады арганізацыі працы ў гэтым плане. "Зрабіце па ўсёй краіне так. Гэта невялікія грошы. Задзейнічайце любыя рэсурсы, - даручыў Прэзідэнт. - Давайце ад мяжы Гродзенскай вобласці (там у нас генерал - усіх пабудуе, зробіць) прарэвізуем краіну на прадмет таго, як жывуць людзі і як яны павінны жыць".

Ён звярнуў увагу, што ў цэлым не так шмат трэба. Важна забяспечыць асартымент. "І цэны. Галоўнае - цэны (павінны быць справядлівымі і прымальнымі. - Заўвага БЕЛТА)", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч далажыў аб сістэме абслугоўвання насельніцтва Беларусі. Па словах міністра, па выніках працы за першае паўгоддзе гандаль займае другое месца ў агульным аб'ёме ВУП - 9,6%. Паказчык рознічнага тавараабароту выконваецца. Пры мэтавым значэнні 104,5% ён склаў 108,6%. На 1 студзеня 2025 года ў Беларусі функцыянавала амаль 86 тыс. рознічных гандлёвых аб'ектаў. Іх штогадовая колькасць павялічваецца ў сярэднім на паўтара працэнта.

Аднак Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт менавіта на гандлёвых аб'ектах у сельскай мясцовасці. Міністр канстатаваў, што тут сітуацыя некалькі іншая: за апошнія пяць гадоў іх стала менш на паўтара працэнта. Пры гэтым у тым ліку ідзе замяшчэнне на электронны гандаль. "Ак тивно развіваецца электронны гандаль не толькі ў горадзе, але і на

селі. Там адкрываюцца пункты выдачы. Актыўна выкарыстоўваецца "Белпошта", Белкаапсаюз, Wildberries і Ozon у тым ліку пастаўляюць, усе нашы інтэрнэт-крамы", - сказаў Артур Карповіч.

Прэзідэнт пры гэтым заклікаў улічваць інтарэсы і людзей старэйшага пакалення, якія не заўсёды могуць карыстацца гэтымі новацыямі, і гэта для іх можа быць складана. "Ну так, "баба Дуня" сядзіць і тыкае ў айфон..." - вобразна заўважыў ён.

Канкрэтыку ў дыскусію дадала старшыня Белстата Іна Мядзведзева. Паводле яе даных, штогод колькасць крам у сельскай мясцовасці скарачаецца на 100-250 адзінак. Больш таго, у цэлым доля рознічнага тавараабароту ў сельскай мясцовасці падае з некалі 20% да цяперашніх 13,4%. А яшчэ летась гэты паказчык складаў 14%. "Гэта значыць, кожны год аднімаецца па крыху доля сельскай мясцовасці. Гэта сведчыць аб тым, што сёння забеспячэнне насельніцтва гандлёвымі аб'ектамі недастатковае. Гэта мы можам пацвердзіць лічбамі", - сказала кіраўнік статыстычнага ведамства.

Кіраўнік МАРГ праблему не адмаўляе, але кажа аб тым, што ў цэлым распрацаваныя ў краіне сацыяльныя стандарты ў частцы забеспячэння насельніцтва аб'ектамі гандлю выконваюцца. Што тычыцца сельскай мясцовасці, ёсць усяго 26 населеных пунктаў, дзе гэта не так. Але і там у большасці выпадкаў гуляе ролю іх размяшчэнне, калі літаральна ў 100-200 м ад іх ёсць іншы населены пункт з дастатковай колькасцю крам, і людзі ездзяць туды. "Усе гэтыя пытанні мясцовыя органы ўлады бачаць, кантралююць", - запэўніў Артур Карповіч.

Ён таксама распавёў, што асаблівая ўвага надаецца кантролю якасці прадукцыі. Гэтая праца праводзіцца ў тым ліку сумесна з дэпутатамі, прадстаўнікамі прафсаюзаў, мясцовых органаў улады. Па словах міністра, часам тыя ж ролікі ў сацыяльных сетках са скаргамі людзей на праверку не адпавядаюць рэальнай абстаноўцы. Дзесьці гэта робіцца выключна дзеля піяру, каб прыцягнуць больш падпісчыкаў.

"Гэта я ўсё разумею. Сёння "тыкаюцца", што ах, дзесьці пацукі пабеглі. Дык што, Прэзідэнт паедзе пацукоў лавіць? Гэта ж вы там на месцы са смеццевымі бакамі разабрацца не можаце і ў вас пацукі бегаюць. У адваротным выпадку не бегалі б. Таму я гэта ўсё разумею", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама спытаў, якія ў цэлым у гандлі ёсць праблемы. Яму далажылі, што асноўная - падзенне долі тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце. Прычыны гэтага, як і шляхі вырашэння, ёсць розныя, і іх таксама падрабязна разгледзелі на нарадзе.і.