Прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове атмасфернага паветра»
17 ліпеня 2023 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове атмасфернага паветра» (апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь, 22.07.2023, 2/3015).
Законам удакладваюцца асобныя азначэнні тэрмінаў, а таксама ўведзены новыя тэрміны і іх азначэнні. Так, дадзены азначэнні тэрмінам «аўтаматызаваная сістэма кантролю за выкідамі забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра», «норма выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра», «экалагічная інфармацыя ў галіне аховы атмасфернага паветра». Удакладнены азначэнні такіх тэрмінаў, як «выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра», «мабільныя крыніцы выкідаў», «найлепшыя даступныя тэхнічныя метады», «стацыянарныя крыніцы выкідаў».
Зменены падыход да вызначэння катэгорый аб'ектаў уздзеяння на атмасфернае паветра. Катэгорыі аб'ектаў уздзеяння на атмасфернае паветра і пералікі аб'ектаў уздзеяння на атмасфернае паветра, якія адносяцца да розных катэгорый аб'ектаў уздзеяння на атмасфернае паветра, будуць зацверджаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе узроўняў уздзеяння на атмасфернае паветра відаў гаспадарчай і іншай дзейнасці, класаў небяспекі забруджвальных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў выкідах забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра.
Удакладнены падыходы да нармавання ў галіне аховы атмасфернага паветра. У мэтах урэгулявання пытанняў адносна нарматываў якасці атмасфернага паветра па-за межамі населеных пунктаў і месцаў масавага адпачынку насельніцтва, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, асобных прыродных комплексаў і аб'ектаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, а таксама прыродных тэрыторый, якія падлягаюць спецыяльнай ахове, і біясферных рэзерватаў Законам уведзены «экалагічны нарматыў якасці атмасфернага паветра». Таксама Законам выключаны тэрмін «тэхналагічны нарматыў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра», паколькі тэхналагічны нарматыў выкідаў не вызначае велічыню ўздзеяння на атмасфернае паветра.
Удакладнены патрабаванні ў галіне аховы атмасфернага паветра пры праектаванні аб'ектаў гаспадарчай і іншай дзейнасці, звязаных з выкідамі забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. Так, праектная дакументацыя павінна ўключаць сярод іншага праектныя рашэнні па арганізацыі месцаў адбору проб і правядзенні вымярэнняў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ў адпаведнасці з абавязковымі для выканання тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, у тым ліку з улікам наяўнасці методык (метадаў) вымярэнняў, якія прайшлі атэстацыю ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў, канцэнтрацый спецыфічных забруджвальных рэчываў у выкідах забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і ў атмасферным паветры, якія могуць паступаць у атмасфернае паветра пры эксплуатацыі аб'ектаў гаспадарчай і іншай дзейнасці, звязаных з выкідамі забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра.
У мэтах забеспячэння экалагічнай бяспекі пры ўводзе ў эксплуатацыю і далейшай эксплуатацыі аб'ектаў гаспадарчай і іншай дзейнасці, звязаных з выкідамі забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, Законам замацоўваюцца канкрэтныя патрабаванні, пры выкананні якіх магчымы ўвод у эксплуатацыю названых аб'ектаў.
Для забеспячэння кантролю за выкананнем суб'ектамі гаспадарання патрабаванняў па парадку правядзення інвентарызацыі выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, а таксама вызначэння імі неабходнасці ажыццяўляць сваю гаспадарчую і іншую дзейнасць, звязаную з выкідамі забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, на падставе дазволаў на выкіды або комплексных прыродаахоўных дазволаў Законам уведзена норма аб узгадненні тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды актаў інвентарызацыі выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, згодна з якім сумарныя валавыя выкіды забруджвальных рэчываў складаюць менш за 3 тон у год або валавыя выкіды забруджвальных рэчываў 1 класа небяспекі складаюць менш за 10 кілаграмаў у год.
Законам прадугледжана неабходнасць атрымання дазволу на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра або комплексных прыродаахоўных дазволаў юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць ліцэнзуемы від дзейнасці, які ўключае складнікі работы і (або) паслугі па выкарыстанні адходаў 1-3 класаў небяспекі для вытворчасці (выпрацоўкі) энергіі і (або) абясшкоджвання адходаў. Такія дазволы неабходна атрымаць на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення ў сілу Закона.
Таксама Законам удакладнены выпадкі, пры якіх суб'ектам гаспадарання могуць быць устаноўлены часовыя нарматывы дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, іх тэрміны дзеяння і ўмовы падаўжэння.
Законам уводзіцца ведамасная справаздачнасць аб выніках уліку ў галіне аховы атмасфернага паветра, якая заменіць статыстычную справаздачнасць 1-паветра (Мінпрыроды) «Справаздача аб выкідах забруджвальных рэчываў і дыяксіду вугляроду ў атмасфернае паветра ад стацыянарных крыніц выкідаў».
Закон прадугледжвае шэраг іншых змяненняў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці аховы атмасфернага паветра.