Внимание! Заморы рыбы!

Увага! Заморы рыбы!

Рыбы, як і іншыя жывёлы, не могуць жыць без кіслароду. Узбагачэнне вады кіслародам адбываецца двума шляхамі: з навакольнага паветра і за кошт жыццядзейнасці зялёных раслін. У выніку недахопу або поўнай адсутнасці ў вадзе кіслароду, неабходнага для жыцця рыб, можа наступіць замора рыбы. Калі колькасць кіслароду ў вадзе рэзка памяншаецца, рыба праяўляе неспакой і часта гіне.

Узімку пад лядовым покрывам усталёўваецца адмоўны баланс кіслароду, г.зн. расход кіслароду на акісляльныя працэсы вышэйшы, чым паступленне яго з атмасферы, альбо ў выніку фотасінтэзуючай дзейнасці. У дробнаводных азёрах, пры адсутнасці праточнасці, кіслародны рэжым, як правіла, вельмі напружаны, асабліва ў канцы зімы.

У залежнасці ад працягласці і ўстойлівасці лядовага покрыва, запасу вады і шчыльнасці пасадкі рыбы ў адны зімы рыбы гінуць цалкам, у іншыя гінуць толькі больш адчувальныя да недахопу кіслароду. Вельмі вялікую шкоду зімуючай рыбе можа прычыніць рэзкае ваганне ўзроўню вады. У зімовы перыяд пры рэзкім ваганні ўзроўню вады можа адбыцца прыцісканне лёдам рыбы ў прыбярэжнай паласе вадаёма, і рыба загіне.

Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды фарміруюць, вядуць і штогод актуалізуюць базы даных з пералікамі вадаёмаў, на якіх могуць узнікаць заморныя з'явы. Акрамя таго, сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя праводзяцца абследаванне вадаёмаў, каб выявіць фактары, якія могуць прывесці да замораў. Абследаванне вадаёмаў праводзіцца не радзей аднаго разу на 15 дзён з 15 снежня па 1 красавіка.

У адпаведнасці з Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2021 г. № 284 адказнымі за арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў па прадухіленні заморных з'яў з'яўляюцца арандатары/карыстальнікі рыбалоўных угоддзяў (у арандаваных/прадастаўленых у бязвыплатнае карыстанне рыбалоўных угоддзях) і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы (у рыбалоўных угоддзях фонду запасу).

Найбольш дзейснымі мерамі па павышэнні канцэнтрацыі растворанай кіслароду з'яўляюцца:

— выраб палонак (для прадухілення замярзання палонак: 1. Усталёўваюцца снапы, вырабленыя з трыснягу, рагозу і іншых поласных раслін; 2. Падвешваюцца мяшкі з тэхнічнай соллю). Колькасць палонак залежыць ад плошчы вадаёма і ў сярэднім складае 3-5 шт./га;

— унясенне вапны. Вапнаванне спрыяе раскладанню і паскарэнню мінералізацыі арганічных рэчываў, а таксама паляпшэнню газавага рэжыму; нейтралізуе кіслую рэакцыю вады. Негашаную вапну ўносяць па вадзе з разліку 1-2 ц/га. Пры выкарыстанні гашанай вапны або молатага вапняку нормы ўнясення павялічваюцца адпаведна ў 1,3 і 1,8 раза.

Таксама варта адзначыць, што ў выпадку ўзнікнення ў рыбалоўных угоддзях перадзаморных або заморных з'яў, пацверджаных данымі гідрахімічных даследаванняў, праведзеных атэставанымі лабараторыямі, парадак і ўмовы ажыццяўлення лову рыбы вызначаюцца раённымі выканаўчымі камітэтамі па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і міжраённымі інспекцыямі аховы жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.