Мінпрыроды вызначаны нормы і правілы ўліку выкідаў парніковых газаў для юрыдычных асоб і ІП
Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 28 сакавіка 2024 г. № 8-Т зацверджаны экалагічныя нормы і правілы ЭкаНП 17.09.08-001-2024 «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Клімат. Патрабаванні (правілы) колькаснага вызначэння выкідаў парніковых газаў».
Дакументам устаноўлены патрабаванні (правілы) колькаснага вызначэння выкідаў парніковых газаў юрыдычнымі асобамі і ІП для забеспячэння вытворчага ўліку выкідаў парніковых газаў з крыніц і іх абсорбцыі паглынальнікамі.
Згодна з прававым актам, пры колькасным вызначэнні выкідаў парніковых газаў улічваюцца крыніцы выкідаў парніковых газаў, якія адбываюцца непасрэдна ад аб'ектаў, што знаходзяцца ў веданні суб'ектаў гаспадарання, і ад ажыццяўляемых імі вытворчых працэсаў, уключаючы філіялы або адасобленыя падраздзяленні, у тым ліку ў выпадку іх размяшчэння на тэрыторыі розных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь.
Пры колькасным вызначэнні выкідаў парніковых газаў для названых крыніц выкарыстоўваюцца метады разліку на аснове даных аб дзейнасці суб'екта гаспадарання і каэфіцыентаў выкідаў, а таксама разліку на аснове матэрыяльна-сыравіннага балансу.
Прававым актам у тым ліку вызначаны катэгорыі крыніц выкідаў парніковых газаў, пералік парніковых газаў, у дачыненні да якіх ажыццяўляецца колькаснае вызначэнне.
Зацверджаныя экалагічныя нормы і правілы дазволяць забяспечыць колькаснае вызначэнне выкідаў парніковых газаў у межах падрыхтоўкі і вядзення вытворчага ўліку выкідаў парніковых газаў юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, што ў наступным будзе спрыяць планаванню мерапрыемстваў па зніжэнні вугляродаёмістасці выпускаемай прадукцыі і пацвярджэнню гэтага для органаў-рэгулятараў механізму трансгранічнага вугляроднага рэгулявання Еўрапейскага саюза, а таксама для магчымых падобных механізмаў дзяржаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюза.
Пастанова ўступіла ў сілу з 26 красавіка 2024 г. адначасова з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2023 г. № 294-З «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя»