Смецце ў лесе – праблема актуальная!
Пачнем з таго, што выкідванне смецця на тэрыторыі ляснога фонду – гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Таму за забруджванне лесу адходамі прадугледжана адказнасць згодна ч.1 арт.16.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (далей – КоАП). Адходамі з'яўляюцца любыя рэчывы або прадметы, якія ўтвараюцца ў працэсе ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, жыццядзейнасці чалавека і не маюць пэўнага прызначэння па месцы іх утварэння альбо страцілі цалкам або часткова свае спажывецкія ўласцівасці.
Работнікі дзяржаўнай лясной аховы Расонскага лясгаса прымаюць усе неабходныя меры, каб прадухіліць забруджванне лясных угоддзяў. Пастаянна праводзіцца маніторынг тэрыторыі на прадмет захламлення і ўтварэння звалак. Усталёўваюцца фотапасткі ў найбольш папулярных месцах выкідання адходаў: пры ўездах у населеныя пункты, у месцах адпачынку, на з'ездах у лес.
Яшчэ раз папярэджваем аб неабходнасці выканання прыродаахоўнага заканадаўства. Выкінутыя адходы ў непрызначаных месцах забруджваюць навакольнае асяроддзе, а таксама гэта адна з галоўных прычын лясных пажараў. Адказнасць за засмечанне ляснога фонду прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь на фізічную асобу, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 25 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 50 базавых велічынь згодна ч.1 арт.16.22 КоАП «Забруджванне лесу і іншай драўняна-хмызняковай расліннасці». Калі ж прыродзе прычынена буйная шкода, можа ставіцца пытанне аб крымінальнай адказнасці па артыкуле 275 КК РБ «Забруджванне лесу, асяроддзя пражывання драўняна-хмызняковай расліннасці».
Захаваем нашы лясы разам!