Сартаванне адходаў
Сартаванне бытавых адходаў дапамагае не толькі прыродзе – яно можа быць карысным асабіста вам.
Па-першае, калі вы ўключаецеся ў раздзельны збор смецця, вы становіцеся больш экалагічна свядомым чалавекам. А гэта не так ужо мала, згодны?
Па-другое, калі вы сартуеце хатнія адходы, вы пачынаеце лепш разумець уласныя спажывецкія звычкі. І адмовіцца ад самых шкодных з іх будзе нашмат прасцей.
Па-трэцяе, калі вы ацэньваеце структуру смецця, вы пачынаеце больш усвядомлена падыходзіць да шопінгу і стараецеся купляць менш непатрэбных рэчаў. Гэта значыць, эканоміце.
Ну і вядома, калі вы выкідваеце ў кантэйнер чыстую і сухую другасную сыравіну, вы палягчаеце працу супрацоўнікам смеццесартавальных станцый.