Залатарнік канадскі
Сезон росту і цвіцення небяспечнай для чалавека расліны — хвастаўніцы Сасноўскага яшчэ не скончыўся, як надыходзіць сезон цвіцення іншага, не менш небяспечнага інвазіўнага віду сярод раслін — залатарніку канадскага.
Расонская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, залатарнік канадскі – агрэсіўная расліна, небяспечная для чалавека, яго пылок выклікае алергію. Залатарнік шкодны і для глебы. Там, дзе ён расце, утвараюцца буйныя цвёрдыя дзернавіны, якія заглушаюць рост іншых раслін.
Многія да гэтага часу лічаць гэтую расліну ўпрыгожаннем, высаджваюць яе на прысядзібных участках, дачах, могілках. І робяць непапраўную памылку. Таму што мае залатарнік адну вельмі непрыемную асаблівасць – праз нейкі час ён выцесніць з месца свайго росту ўсе іншыя насаджэнні, а разам з тым – большасць насякомых, птушак, млекакормячых.
Залатарнік канадскі па ступені небяспекі для навакольнага асяроддзя знаходзіцца ў адным шэрагу з хвастаўніцай Сасноўскага. Небяспека распаўсюджвання шкоднай расліны заключаецца ў тым, што, займаючы новыя ўчасткі, расліна цалкам змяняе іх флору і фаўну.
Распаўсюджваецца хутка і агрэсіўна, чаму спрыяюць некалькі фактараў. Па-першае, у расліны (як і ў хвастаўніцы Сасноўскага) няма так званых натуральных ворагаў з ліку раслін-канкурэнтаў і насякомых. Па-другое, кожны куст залатарніку дае да ста тысяч насення, якія адрозніваюцца вельмі высокай, да 95 працэнтаў, усходжасцю. Па-трэцяе, з гадамі карэнішчы расліны пачынаюць вылучаць у глебу атрутныя рэчывы, якія падаўляюць рост іншых раслін. Дзе расці – расліне абыякава, яно непатрабавальнае. Не па густу залатарнік пераважнай большасці прадстаўнікоў рознага віду фаўны. Жывёлы, напрыклад, як хатнія, так і дзікія, не ядуць залатарнік. З гэтага вынікае, што занятыя раслінай тэрыторыі немагчыма выкарыстоўваць як сенажаці і пашы. Наліцо шкода сельскай гаспадарцы. А таксама лясной, бо залатарнік можа пазбавіць нас звыклых дароў прыроды выцясненнем традыцыйных для нашых мясцін ягад і грыбоў.
Дадаткова Расонская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што непрыняцце дзейсных мер па забеспячэнні правядзення агратэхнічных мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці залатарніку канадскага на падведамаснай тэрыторыі цягне накладанне штрафу.