16 верасня – Міжнародны дзень аховы азонавага слоя
У 1994 годзе Генеральная Асамблея абвясціла 16 верасня Міжнародным днём аховы азонавага слоя. Дзень устаноўлены ў памяць аб падпісанні Манрэальскага пратакола па рэчывах, што разбураюць азонавы слой.
16 верасня 1987 года 36 краін, у тым ліку і Рэспубліка Беларусь, падпісалі дакумент, згодна з якім краіны-ўдзельніцы павінны абмежаваць і цалкам спыніць вытворчасць азонаразбуральных рэчываў. Гэты дакумент абавязвае краіны скараціць, а з часам і зусім адмяніць вытворчасць рэчываў, што разбураюць азонавы слой. На цяперашні час дагавор падпісалі і выконваюць 197 краін свету. Насамрэч гэтая сітуацыя ўнікальная: ні адно іншае пагадненне не здолела аб'яднаць вакол сябе столькі краін.
Праблема захавання азонавага слоя, які абараняе ўсё жывое на Зямлі ад згубнага ўздзеяння ультрафіялетавага выпраменьвання, адносіцца да першачарговых для ўсіх краін свету. Дэвіз Міжнароднага дня аховы азонавага слоя: ”Захавай неба: абарані сябе – абарані азонавы слой“.
Азонавы слой, гэты тонкі газавы шчыт, абараняе Зямлю ад згубнага ўздзеяння сонечнай радыяцыі, спрыяючы тым самым захаванню жыцця на планеце. Ён прасціраецца над зямлёй велізарным покрывам, які сыходзіць у космас. Яго таўшчыню ў маштабе зямной атмасферы можна параўнаць з лістом паперы ў маштабе бібліятэкі. Між тым гэты і без таго тонкі слой яшчэ больш таўсцее.
Асноўнай задачай чалавецтва з'яўляюцца мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне азона як на прамысловым, так і на бытавым узроўні. За зменамі таўшчыні азонавага слоя над краінай сочаць спецыялісты Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы (далей – Цэнтр маніторынгу). Гэтая ўстанова з'явілася ў чэрвені 1997 г. і налічвае 19 навуковых супрацоўнікаў. Штодня супрацоўнікі Цэнтра вядуць назіранні за агульным утрыманнем азона ў верхніх і ніжніх слаях атмасферы. ”Верхні“ азон, які знаходзіцца паміж трапасферай і стратасферай, абараняе Зямлю ад сонечнага выпраменьвання. А вось ”прыземны“ азон з'яўляецца забруджвальнікам, атручвае дыхальную сістэму чалавека і шкодзіць раслінам. За яго утрыманнем у атмасферы неабходна рэгулярнае назіранне, бо для праяўлення яго таксічнасці дастаткова нават невялікіх канцэнтрацый.
У Законах Рэспублікі Беларусь ”Аб ахове навакольнага асяроддзя“ і ”Аб ахове атмасфернага паветра“ замацаваны патрабаванні аб скарачэнні і наступным спыненні выкарыстання хімічных рэчываў, якія аказваюць шкоднае ўздзеянне на азонавы слой.