Сартуем правільна. Адходы шкла
Шкло – адзін з самых каштоўных матэрыялаў для перапрацоўкі, таму прапануем вам разабрацца, як правільна адпраўляць яго ў новае жыццё.
Чаму гэта важна?
Шкло не раскладаецца тысячагоддзямі, але яго можна перапрацоўваць практычна бясконца, эканомячы энергію і прыродную сыравіну.
Як правільна здаць?
Нясіце банкі, бутэлькі і іншую шкляную тару ў кантэйнер для другасных рэсурсаў або ў асобны сіні кантэйнер для адходаў шкла.
Як падрыхтаваць?
– Зніміце вечкі і коркі.
– Поўнасцю вызваліце ад змесціва.
– Выдаляць этыкеткі і старанна мыць – не трэба.
Нягледзячы на тое, што сартаваць адходы шкла даволі проста, многія не хочуць іх сартаваць, аргументуючы гэта тым, што: «Гэта занадта складана». Але ці так гэта насамрэч?
Давайце разабрэмся, дзе праўда, а дзе – міф.
Міф 1 «Трэба ведаць сотні правілаў, каб не памыліцца»
Калі зірнуць крыху ўважлівей, усё становіцца даволі проста. У кантэйнеры для шкла і сінія кантэйнеры для другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) нельга адпраўляць:
– армаванае, аўтамабільнае і аконнае шкло ў шклопакетах (гэтыя адходы нясіце на пляцоўкі для буйнагабарытных адходаў);
– тэрмаўстойлівы (для духоўкі), фарфоравы і крыштальны посуд, лямпачкі напальвання, люстэркі. Усё гэта варта змяшчаць у шэры\чорны кантэйнер для змешанага смецця (ТКО).
У адрозненне ад прыдатнай шкляной тары, падобныя адходы мы выкідваем не так часта. Таму ўсё дастаткова проста: аддзяляйце шкляную ўпакоўку ад астатняга смецця, і вы дакладна не памыліцеся!
Міф 2 «Трэба гадзінамі разбіраць і чысціць кожную банку і флакон»
Большасць тары патрабуе мінімум увагі: проста зніміце вечка або корак, ачысціце ёмістасць ад змесціва, злёгку апаласнуўшы ў вадзе.
Міф 3 «У мяне ў двары няма кантэйнераў, значыць сартаваць бессэнсоўна».
Калі ў вашым двары адсутнічаюць кантэйнеры для раздзельнага збору, паведаміце пра гэта ў 115.бел! Ініцыяваць устаноўку можна праз мясцовую ЖКГ або праз таварыства ўласнікаў (калі яно створана ў вашым доме).
Запомніце! Кожны правільна адсартаваны шкляны прадмет – гэта не толькі крок да таго, каб зрабіць перапрацоўку больш эфектыўнай, але і спосаб зберагчы прыроду, а таксама зэканоміць. Бо выкарыстанне адходаў у якасці другаснай сыравіны станоўча ўплывае на працэсы вытворчасці і спажывання прадукцыі:
– значна памяншаецца расход энергетычных рэсурсаў;
– зніжаюцца выкіды парніковых газаў і нагрузка на навакольнае асяроддзе.
Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да:
– павышэння энергаэфектыўнасці эканомікі;
– захавання першасных прыродных рэсурсаў;
– зніжэння кошту канчатковага прадукту;
– прадухілення ўзнікнення шкоды ад уздзеянняў на навакольнае асяроддзе.