Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў
11 студзеня адзначаецца Сусветны дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў.
Упершыню гэты дзень пачаў адзначацца ў 1997 годзе па ініцыятыве Цэнтра аховы дзікай прыроды (Расія) і Сусветнага фонду дзікай прыроды.
Дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў – вельмі важная дата, мэтай якой з'яўляецца напамін аб неабходнасці захавання прыроды як на ўзроўні дзяржавы, так і ўсяго свету.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях», запаведнікі ствараюцца з мэтай забеспячэння натуральнага цячэння прыродных працэсаў, захавання ў натуральным стане і вывучэння каштоўных прыродных комплексаў і аб'ектаў. Мэты абвяшчэння нацыянальных паркаў уключаюць захаванне, аднаўленне (узнаўленне), каштоўных прыродных комплексаў і аб'ектаў, іх рацыянальнае (устойлівае) выкарыстанне ў працэсе прыродаахоўнай, навуковай, адукацыйнай, турыстычнай і рэкрэацыйнай дзейнасці.
У цяперашні час у Беларусі існуе 1 запаведнік, (Бярэзінскі біясферны), 4 нацыянальных парка: «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі».
У Віцебскай вобласці знаходзяцца Бярэзінскі біясферны запаведнік (на тэрыторыі Докшыцкага і Лепельскага раёнаў), нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» у Браслаўскім раёне і, часткова нацыянальны парк «Нарачанскі» у Пастаўскім раёне.
На тэрыторыі дадзеных прыродных тэрыторый створаны найбольш спрыяльныя ўмовы для ўзнаўлення флоры і фаўны. Гэта было дасягнута шляхам правядзення мерапрыемстваў, якія зніжаюць антрапагенную нагрузку, поўнай альбо частковай забароны на вядзенне любой гаспадарчай дзейнасці, правядзення аднаўленчых работ.
Бярэзінскі біясферны запаведнік быў створаны ў 1925 г. для захавання баброў і іншых відаў жывёл, якія апынуліся на мяжы знікнення, а першым нацыянальным паркам стала Белавежская пушча ў 1991 годзе.
Запаведнік уключаны ў Сусветную сетку біясферных рэзерватаў праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». Акрамя таго, запаведнік мае статус водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (Рамсарскай тэрыторыі), ключавой батанічнай тэрыторыі і тэрыторыі міжнароднага значэння, важнай для птушак.