«Зялёныя школы» — гэта міжнародны экалагічны адукацыйны праект, накіраваны на фарміраванне ў дзяцей і моладзі беражлівых адносін да прыроды.
Праграма «Зялёныя школы» была адаптавана для Беларусі ў рамках праекта Праграмы развіцця ААН «Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз стварэнне і развіццё «Зялёных школ» у Беларусі», нацыянальным выканаўчым агенцтвам праекта стала Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Стаць удзельнікам экалагічнага руху было прапанавана любой школе, школьнаму лясніцтву, цэнтру пазашкольнай працы, экалагічнаму цэнтру для дзяцей і юнацтва Беларусі.
Што трэба зрабіць, каб стаць «Зялёнай школай»?
У рамках праекта кожнаму ўдзельніку прапануецца выканаць набор заданняў, аб'яднаных у пяць напрамкаў:
Біяразнастайнасць – вывучэнне відавой разнастайнасці раслін і жывёл прыроднага асяроддзя ўстановы адукацыі і спосабаў яго павелічэння;
Энергазберажэнне – вывучэнне структуры энергаспажывання дома і ва ўстанове адукацыі і спосабаў яго скарачэння;
Вадазберажэнне – вывучэнне напрамкаў выкарыстання вады ва ўстанове адукацыі і дома і спосабаў скарачэння яе выкарыстання;
Зварот з адходамі – аналіз крыніц утварэння адходаў, вызначэнне спосабаў іх мінімізацыі, перапрацоўкі і другаснага выкарыстання;
Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы – акцыі, выставы, конкурсы, экалагічныя ініцыятывы, экалагічная асвета для мясцовага насельніцтва.
Штогод колькасць школ павялічваецца, на 01.01.2026 каля 100 устаноў маюць спецыяльны сертыфікат «Зялёнай школы», з іх у Расонскім раёне - 3.