Абрэзка дрэў і кустоў
Абрэзка дрэў, хмызнякоў, у тым ліку ў населеных пунктах, ажыццяўляецца з мэтай прадухілення прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, маёмасці грамадзян і юрыдычных асоб, ліквідацыі перашкод эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб'ектаў, а таксама павышэння эстэтычнай прывабнасці дрэў, хмызнякоў.
Работы па абрэзцы дрэў, хмызнякоў, якія растуць на землях агульнага карыстання населеных пунктаў, а таксама з мэтай павышэння іх эстэтычнай прывабнасці праводзяцца асобай у галіне азелянення ў межах утрымання азелянёных тэрыторый або на падставе грамадзянска-прававога дагавора.
Праводзяцца тры віды абрэзкі дрэў, хмызнякоў (санітарная, фармовачная і амаладжальная). Парадак і асаблівасці абрэзкі вызначаюцца спецыялістам адпаведнай кваліфікацыі ў галіне азелянення.
Абрэзку дрэў, хмызнякоў праводзяць у перыяд са студзеня па красавік, акрамя санітарнай абрэзкі, якую праводзяць круглы год.
Санітарная абрэзка прадугледжвае выдаленне сухіх, старых, хворых, пашкоджаных і пераплеценых парасткаў і галін і інш.
Фармовачная абрэзка праводзіцца з мэтай захавання натуральнай формы дрэў і хмызнякоў або надання кроне зададзенай формы (шарападобнай, конусападобнай, цыліндрычнай і іншай). Фармовачная абрэзка дрэў, хмызнякоў праводзіцца са студзеня па красавік, карэкціроўка формаў дрэў і хмызнякоў дапушчальная і ў летні перыяд.
Амаладжальная абрэзка дрэў, хмызнякоў праводзіцца з мэтай павышэння працягласці жыцця раслін шляхам частковага або поўнага выдалення суччаў старой кроны. Праводзіцца толькі ў відаў, якія валодаюць добрай парасткаўтваральнай здольнасцю (ліпа, топаль, вярба). Амаладжальная абрэзка дрэў праводзіцца паступова на працягу 2 - 3 гадоў, пачынаючы з вяршыні шкілетных галін, праводзіцца ў перыяд спакою пасля лістападу (да пачатку сокаруху), са студзеня па красавік.