Изменение Водного кодекса Республики Беларусь

Змяненне Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змяненні Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Дакументам, у прыватнасці, прадугледжваецца прадастаўленне Ураду паўнамоцтваў на ўстанаўленне парадку перадачы паверхневых водных аб'ектаў у арэнду для рэкрэацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму. На заканадаўчым узроўні ўрэгуляваны пытанні выкарыстання паверхневых водных аб'ектаў для плавання на збудаваннях, якія не адносяцца да маламерных судоў. Замацавана магчымасць увядзення мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі забарон і абмежаванняў на ажыццяўленне агульнага водакарыстання (уключаючы купанне, плаванне на маламерных судах) толькі пры наяўнасці небяспекі для жыцця і здароўя насельніцтва ў адпаведнасці з вызначанымі Урадам крытэрыямі. Прадугледжваецца абавязак арандатара забяспечваць свабодны доступ грамадзян да перададзенага ў арэнду воднага аб'екта (за выключэннем лоўлі рыбы на аб'ектах, арандаваных для рыбаводства). Уводзіцца забарона на арэнду часткі воднага аб'екта для рэкрэацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму пры адсутнасці іншага добраўпарадкаванага доступу да яго грамадзян. Законам устанаўліваюцца патрабаванні да невялікіх штучных вадаёмаў (сажалак-капанак), якія ўладкоўваюць землекарыстальнікі на сваіх участках. Грамадзянам прадастаўляецца права на здабычу і выманне падземных вод з прымяненнем водазаборных свідравін на сваіх зямельных участках без спецыяльнага дазволу (права такога водакарыстання будзе пацвярджацца дакументам на зямлю).