Рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «Вакацыі без дыму і агню»
З 6 чэрвеня па 18 жніўня 2023 года пройдзе рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя «Вакацыі без дыму і агню». Галоўная мэта акцыі – папярэджанне ўзнікнення пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей. Прапагандысцкія мерапрыемствы будуць праводзіцца ў летніх аздараўленчых і прышкольных лагерах, дзе асноўнай аўдыторыяй стануць навучэнцы розных узростаў.
Тры месяцы лета ратавальнікі будуць навучаць дзяцей і дарослых, напаўняючы вольны час удзельнікаў мноствам сучасных, займальных і ў той жа час карысных мерапрыемстваў. «Дзень МНС», «МНС-ЛЭНД», гульня «Школа юных ратавальнікаў», тэматычныя тэатралізаваныя прадстаўленні, віктарыны, анлайн-квізы па бяспецы, майстар-класы, экскурсіі па цэнтрах бяспекі, музеях, пажарных аварыйна-выратавальных часцях і яшчэ мноства разнастайных мерапрыемстваў ад прапагандыстаў МНС дазволяць дзецям бліснуць эрудыцыяй і кемлівасцю, праявіць творчы патэнцыял, выпрабаваць свае сілы і цягавітасць, але самае галоўнае – засвоіць, паўтарыць і замацаваць правілы бяспекі жыццядзейнасці. Таксама ратавальнікі прадэманструюць тэматычныя відэа і мультыплікацыйныя фільмы, раздадуць наглядна-навучальную прадукцыю.
Дапамагаць прапагандыстам МНС у правядзенні мерапрыемстваў акцыі будуць актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, студэнты, прадстаўнікі АСВОД, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, часопіса «Юны ратавальнік» і інш.
Акрамя таго, ратавальнікі арганізуюць навучанне правілам пажарнай бяспекі работнікаў дзіцячых аздараўленчых і прышкольных лагераў, у т.л. дзяжурнага персаналу.
МНС нагадвае: паважаныя бацькі, дзядулі і бабулі! Ні ў якім разе не пакідайце дзяцей без нагляду! Не дазваляйце дзецям гуляць з агнём, трымайце запалкі і запальнічкі ў недаступных месцах, не падпускайце дзяцей да вокнаў і балконаў. Нагадвайце дзецям правілы бяспечных паводзін ля вады, сачыце, каб дзіця не купалася без нагляду. Памятайце, што небяспеку ўяўляюць не толькі вадаёмы, але і калодзежы, ванны, вёдры з вадой і дэкаратыўныя сажалкі. Бо захаванне жыцця і здароўя дзяцей – гэта агульная мэта ўсіх дарослых!
Удзельнічайце ў мерапрыемствах МНС і будзьце ў бяспецы!