Пра што размаўляюць ратавальнікі?
Каб чарговы раз нагадаць хлапчукам і дзяўчынкам правілы бяспечных паводзін, ратавальнікі праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці!» для дашкольнікаў і вучняў школ раёна, бацькоў і педагогаў.
На гэтым тыдні работнікі МНС нагадалі дзецям пра важнасць выканання правілаў бяспекі як у быце, так і на вуліцы, а таксама расказалі, як дзейнічаць, калі пажар усё ж здарыўся. Хлапчукі і дзяўчынкі паўтаралі правілы выкліку ратавальнікаў, а таксама вучыліся дзейнічаць у розных надзвычайных сітуацыях.
– Дзеці, памятайце, што пры любой надзвычайнай сітуацыі трэба ў першую чаргу не панікаваць, нідзе не хавацца, уцякаць з памяшкання, паведамляць пра здарэнне дарослым і выклікаць ратавальнікаў па нумарах 101 або 112! – нагадваюць работнікі аддзела пяць крокаў выратавання на тэматычных «Уроках бяспекі».
Ратавальнікі таксама праводзяць бацькоўскія сходы і інструктажы з педагагічным складам дашкольных устаноў і ўстаноў адукацыі раёна. Дарослым чарговы раз нагадваюць, што неабходна захоўваць запалкі і запальніцы ў месцах, недаступных для дзяцей, тлумачыць дзіцяці, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу і ні ў якім разе не хавацца, вывучыць разам з дзіцем свой хатні адрас і нумары тэлефонаў экстранных службаў. Работнікі МНС звяртаюць увагу бацькоў на падрыхтоўку дамоў і кватэр да ацяпляльнага сезона, а, канкрэтна, на стан печавага абсталявання, электраправодкі, на ўстаноўку і падтрыманне ў працоўным стане аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
А самае галоўнае, пра што гавораць ратавальнікі – гэта ні ў якім разе не пакідаць дзяцей без нагляду!