Будзь бяспечнай, малая Радзіма
Мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі «З клопатам пра бяспеку малой Радзімы» праводзяць ратавальнікі Расоншчыны.
Дадзеная акцыя накіравана на папярэджанне пажараў па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх асоб пенсійнага і пажылога ўзросту. Самымі актыўнымі прадстаўнікамі «залатога» ўзросту на тэрыторыі Расонскага раёна з'яўляюцца наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія на гэтым тыдні сталі ўдзельнікамі марафону па «скандынаўскай хадзьбе». Для іх работнікі МНС сумесна з прадстаўнікамі фізкультурна-спартыўнага клуба «Старт» правялі займальнае мерапрыемства, падчас якога прадстаўнікі паважанага ўзросту спрабавалі выклікаць ратавальнікаў, на час надзявалі баявое адзенне, усталёўвалі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. У ходзе гутаркі ратавальнікі расказалі прысутным пра статыстыку як вогненных здарэнняў, так і няшчасных выпадкаў на вадаёмах. Сустрэча суправаджалася цёплым сонечным восеньскім надвор'ем і пазітыўным настроем удзельнікаў, а завяршылася сумесным чаяваннем і агульным фота.
Таксама сумесна з прадстаўнікамі Расонскай энергагазінспекцыі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі гутарку з жыхарамі аграгарадка Селяўшчына. У ходзе размовы ўдзялілі вялікую ўвагу пытанню электрабяспекі і бяспекі печанай ацяплення. Замацаваць атрыманыя веды дапамагла віктарына «Эксперты бяспекі».
Для таго каб правесці тлумачальную, прафілактычную працу сярод тых, хто жыве ў самых аддаленых кутках раёна, ратавальнікі прайшлі па маршруце аўталаўкі. У месцах, дзе ажыццяўляўся гандаль, работнікі МНС нагадалі жыхарам вёсак аб выкананні правілаў пажарнай бяспекі, уручылі памяткі з карыснымі парадамі.
У ходзе ўсіх мерапрыемстваў акцыі актыўна прэзентавалася новая інфармацыйная кампанія МНС «Будзь побач з дзіцем!».