Не прапальвай сваё жыццё!
У Расонскім раёне завяршаецца акцыя МНС «Не прапальвай сваё жыццё!»
Выступленні ў працоўных калектывах арганізацый раёна для ратавальнікаў Расоншчыны сталі самай распаўсюджанай формай работы ў рамках дадзенай акцыі. Былі арганізаваны сустрэчы з работнікамі Расонскага і Якубаўскага лясніцтваў, дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №32 і дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №109, на якіх прадстаўнікі Расонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падрабязна расказалі прысутным пра наступствы такой згубнай звычкі, як курэнне, на прыкладзе тых пажараў, якія адбыліся ў Расонскім раёне. Так, з 11 пажараў, зарэгістраваных на тэрыторыі раёна, 3 адбыліся з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, на адным з якіх загінуў чалавек. Гутаркі ў абавязковым парадку суправаджаліся праглядам відэафільма «Ахвяры згубнай звычкі».
– Не засталіся па-за нашай увагай наведвальнікі пунктаў прыёму другаснай сыравіны і аўталавак, наведвальнікі гандлёвых аб'ектаў і месцаў масавага знаходжання людзей, – адзначыў намеснік начальніка аддзела Вячаслаў Беляўскі. – Для іх мы арганізавалі інтэрактыўныя гутаркі і віктарыны на тэму неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. Кожнаму ўдзельніку акцыі была ўручана наглядна-выяўленчая прадукцыя ў выглядзе буклетаў «Не прапальвай сваё жыццё!». У рамках гэтых мерапрыемстваў мы актыўна дапамагаем нашым грамадзянам перамагчы ў барацьбе са згубнай звычкай і зрабіць сваё жыццё бяспечней!