Россоны. Няхай надыходзячыя святы будуць бяспечнымі!
У Расонскім раёне завяршаецца першы этап акцыі МНС «Бяспечны Новы год!».
Мерапрыемствы ў рамках першага этапу акцыі прайшлі ў Расонскай, Краснапольскай і Клясціцкай сярэдніх школах, а таксама Селяўшчынскай базавай школе, Расонскім Цэнтры дзяцей і моладзі. Работнікі МНС правялі з вучнямі старэйшых класаў інтэрактыўныя гутаркі па асновах бяспекі жыццядзейнасці «Школа Дзеда Мароза-ратавальніка». Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікала дыдактычная гульня «Крокі выратавання», у ходзе якой школьнікі выбіралі правільную паслядоўнасць дзеянняў у выпадку ўзнікнення розных надзвычайных сітуацый.
У ходзе гутаркі ратавальнікі дэманструюць навучальныя відэаматэрыялы, адным з якіх з'яўляецца відэаролік «Піратэхніка», які як ніколі актуальны да прагляду перад навагоднімі канікуламі.
– Уся наша праца накіравана на тое, каб наступаючыя светлыя, святочныя дні не былі зацемнены няшчаснымі выпадкамі, асабліва з удзелам дзяцей! – адзначыў Аляксандр Падвіцельскі, прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. – Мы распавядаем дзецям аб правілах карыстання піратэхнічнымі вырабамі, электраабсталяваннем, аб небяспецы тонкага лёду, аб тым, як правільна дзейнічаць у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый.