Школа бяспекі 2024
На базе Расонскай сярэдняй школы імя П.М. Машэрава прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Школа бяспекі 2024».
У спаборніцтве прынялі ўдзел вучні з усіх школ раёна. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў Кацярына Юхневічус і Сяргей Калпакоў, старшыня раённай піянерскай арганізацыі Кірыл Зубко, старшыня раённай арганізацыі АСВОД Віктар Касцючэнка, а таксама інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Юлія Малашанка.
У першым туры дзеці адказвалі на пытанні тэставых заданняў, падчас другога этапу прадэманстравалі свае красамоўныя здольнасці ў конкурсе «Я раскажу вам…». Вырашальным стала трэцяе выпрабаванне, дзе навучэнцы адказвалі на пытанні віктарыны, якія тычацца бяспекі.
Па выніках конкурсу члены журы вызначылі наймацнейшых:
1 – 4 класы – Пальчэх Арсеній, ДУА «Селяўшчынская базавая школа Расонскага раёна»;
5 – 8 класы – Сівоха Ягор, ДУА «Расонская сярэдняя школа імя П.М.Машэрава»;
9 – 11 класы – Валянцюкевіч Анастасія, ДУА «Расонская сярэдняя школа імя П.М.Машэрава».
– Мы штогод праводзім дадзены конкурс для павышэння цікавасці навучэнцаў да вывучэння абавязковых факультатыўных заняткаў «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», – адзначыў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Беляўскі. – А таксама для развіцця ў іх творчых здольнасцей, паглыблення тэарэтычных ведаў і замацавання практычных уменняў па пытаннях умацавання ўласнай і грамадскай бяспекі.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі і падарункамі. Усіх дзяцей дзякуем за ўдзел, віншуем пераможцаў і жадаем поспехаў на абласным этапе конкурсу!