Падводзім вынікі акцыі
У Расонскім раёне завяршылася інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя «Бяспека ў кожны дом!».
На першым этапе акцыі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі домаўладанні шматдзетных сем'яў і сем'яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прычыны, па якіх сем'і трапляюць пад пільную ўвагу суб'ектаў прафілактыкі, розныя, сярод іх – парушэнне патрабаванняў правілаў пажарнай бяспекі. І галоўнае для ратавальнікаў – данесці да дзяцей і іх бацькоў інфармацыю аб тым, як не дапусціць узнікнення надзвычайных сітуацый у сваіх жылых памяшканнях і як правільна дзейнічаць у выпадку іх узнікнення. У гутарках уважліва разабралі пытанні, якія тычацца асноўных прычын узнікнення пажараў, абмеркавалі тэму паводзін на вадаёмах, прагледзеўшы пры гэтым серыю мультфільма «Чароўная кніга» «Небяспека зімовага вадаёма». Усяго на першым этапе акцыі наведана дзесяць такіх домаўладанняў.
Падчас другога этапу акцыі работнікі МНС актыўна правялі прафілактычную працу на аб'ектах гандлю, заклікаючы грамадзян да выканання правілаў бяспекі ў сваіх дамах і кватэрах. Наведвальнікам крам было расказана аб прынцыпе працы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, спосабах яго праверкі і правілах устаноўкі. З дапамогай «Куба жыцця» грамадзянам была данесена інфармацыя аб бяспечным выкарыстанні печаў і электраабсталявання. Актыўна прэзентавалася інфармацыйная кампанія МНС «Будзь побач з дзіцем!».