З малышамі пра бяспеку
Расонскія ратавальнікі наведалі выхаванцаў групы «Рамонак» дзіцячага сада №1 раённага цэнтра.
Работнікі МНС частыя госці ў дашкольнікаў, таму сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы. Ратавальнікі расказалі дзецям пра тое, у якіх выпадках і па якіх нумарах выклікаць ратавальнікаў, міліцыю, медыцынскую і газавую службу, нагадаўшы пры гэтым, што нельга тэлефанаваць у экстранныя службы, калі нічога не здарылася.
Малышы з лёгкасцю адказвалі на пытанні пра тое, з якімі рэчамі можна гуляць, а з якімі не ў ходзе гульні «небяспечнае-бяспечнае». Асабліва ўсім спадабалася гульня «Дым, вуліца, пажар».
– Дзеці, у выпадку ўзнікнення пажару вы не павінны панікаваць і хавацца, а павінны ўцякаць з памяшкання, прыгнуўшыся, затуліўшы нос і рот тканінай, і пра ўсё, што здарылася, адразу расказваць дарослым і выклікаць ратавальнікаў па нумарах тэлефона 101 і 112! – падсумаваў гульню інспектар прапаганды Аляксандр Падвіцельскі.
Ратавальнікі пагаварылі з дашкольнікамі пра тое, якія небяспекі хавае ў сабе вада. А замацаваць атрыманыя веды дзецям дапамагла серыя «Правілы паводзін на вадаёмах» ужо ўсімі любімага мультфільма «Чароўная кніга».
І, вядома ж, не абышлося без падарункаў – усім малышам былі ўручаны размалёўкі «Першыя прапісы бяспекі». Дзеці гэтай групы ўжо сёлета стануць першакласнікамі, і таму ў канцы сустрэчы работнікі МНС пажадалі ўсім поспехаў у надыходзячай вучобе і паабяцалі сустрэцца зноў, але ўжо ў сценах школы ў новым навучальным годзе.