У гасьцях у самых маленькіх.
Супрацоўнікі Расонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сустрэліся з выхаванцамі дзіцячых садкоў.
Сустрэча ратавальнікаў з дашкольнікамі з аграгарадку Клясціцы і вёскі Сакалішча атрымалася вельмі жывой і цёплай. Ужо з першых секунд дзеці весела прывітаўлі работнікаў МНС:
– А мы ведаем, хто да нас прыйшоў у госці! Ратавальнікі!
Такое знаёмства адразу ж прывяло да вясёлых і актыўных зносін. Супрацоўнікі МНС, пытаючыся пра тое, па якіх нумарах выклікаць ратавальнікаў, міліцыю, медыцынскую і газавую службу, атрымлівалі хуткія, а самае галоўнае, правільныя адказы. Дзеці таксама з лёгкасцю адказвалі на пытанні пра тое, з чым можна гуляць, а з чым не падчас гульні «небяспечнае-бяспечнае». Непадробную радасць дзецям прынесла гульня «Дым, вуліца, пажар».
Не хаваючы хвалявання, дашкольнікі спрабавалі выклікаць ратавальнікаў: казалі, што здарылася, называлі свой адрас, прозвішча, імя і імя па бацьку. Аднак пры гэтым ратавальнікі расказалі, што нельга тэлефанаваць у экстранныя службы, калі нічога не здарылася.
Завяршылася сустрэча праглядам мультфільма «Спецатрад 112», пасля чаго малышы атрымалі наглядна-выяўленчую прадукцыю, а таксама добры настрой і новыя веды пра бяспеку.