Увага ўсім, Дзень грамадзянскай абароны!
У Расонскім раёне стартавалі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Сусветнага Дня грамадзянскай абароны.
Першым аб'ектам правядзення гэтых мерапрыемстваў стала Краснапольская сярэдняя школа імя С.І. Жукава. Ратавальнікі правялі сустрэчу з вучнямі, падчас якой расказалі пра грамадзянскую абарону, як правільна дзейнічаць пры паступленні сігналу «Увага ўсім!» і ўзнікненні розных надзвычайных сітуацый.
Работнікі МНС прыехалі не з пустымі рукамі. З сабой яны прывезлі сродкі грамадзянскай абароны санітарнага звяна. Школьнікі з непадробнай цікавасцю вучыліся аказваць першую дапамогу пацярпеламу: спыняць крывацёк, надзяваць процівагаз, эвакуіраваць пацярпелага.
– Гэта выдатны старт! – адзначыў Віктар Герасіменка, прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. – Правядзенне мерапрыемстваў запланавана ва ўсіх установах адукацыі і арганізацыях раёна. Наша мэта – гэта максімальны ахоп насельніцтва ў навучанні спосабам абароны ад небяспек, якія ўзнікаюць пры вядзенні ваенных дзеянняў і надзвычайных сітуацыях.