1 чэрвеня ў рэспубліцы стартуе інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя «Бяспечныя канікулы»
З 1 чэрвеня па 31 жніўня ва ўсіх рэгіёнах краіны пройдзе рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя «Бяспечныя канікулы».
Акцыя ўжо стала традыцыйнай і праводзіцца для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы дзіцячых свавольстваў з агнём, папярэджання пажараў і гібелі дзяцей ад іх, зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і забеспячэння іх агульнай бяспекі як дома, так і на вуліцы.
Даведка: У 2025 годзе на пажарах загінулі трое дзяцей. Трагедыі адбыліся ў Лунінецкім і Камянецкім раёнах Брэсцкай вобласці. Па прычыне дзіцячых свавольстваў з агнём адбылося 23 пажары. Трагічныя выпадкі адбыліся і на вадаёмах: сёлета патанула 2 дзяцей.
У 2024 годзе на пажарах загінула 10 дзяцей. Па прычыне дзіцячых свавольстваў з агнём зарэгістравана 91 пажар. Летась на вадаёмах патанула 19 дзяцей.
Стартуе акцыя з маштабных мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню абароны дзяцей: на адкрытых пляцоўках у парках забаў і адпачынку, ля палацаў культуры, кінатэатраў, гандлёва-забаўляльных цэнтраў і г.д. – усюды, дзе часцей за ўсё бываюць бацькі з дзецьмі, – работнікі МНС правядуць яркія і цікавыя актыўнасці. Інтэрактывы, віктарыны і рухомыя конкурсы, дэманстрацыя аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання, паказальныя выступленні падраздзяленняў МНС, распаўсюджванне сувенірнай і навучальнай наглядна-выяўленчай прадукцыі, канцэртная праграма, творчыя нумары, ростовыя лялькі – гэта далёка не ўвесь спіс таго, што падрыхтавалі для дзяцей і іх бацькоў ратавальнікі.
У наступныя дні работнікі МНС, а разам з імі актывісты Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, прадстаўнікі АСВОД, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства наведаюць прышкольныя і загарадныя аздараўленчыя лагеры, дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Яны нагадаюць дзецям важныя правілы бяспекі, якія неабходна выконваць у доме і на вуліцы, раскажуць, як не стаць закладнікамі сезонных небяспек і як дзейнічаць, трапіўшы ў бяду.
Каб змены праходзілі не толькі весела, але і карысна, работнікі прапаганды МНС падрыхтавалі для дзяцей цэлы багаж крэатыўных і навучальных заняткаў: розныя квiзы па пажарнай бяспецы, майстар-класы, гульні, конкурсы і вiктарыны, якiя дапамогуць у даступнай форме навучыць дзяцей жыць бяспечна. Важны акцэнт ратавальнікі зробяць на навучанне правiлам бяспекі на вадаёмах i навыкам плавання. «Дзень МНС», «МНС-ЛЭНД», гульня «Школа юных ратавальнікаў», тэматычныя тэатралiзаваныя прадстаўленнi, вiктарыны, анлайн-квiзы па бяспецы, майстар-класы, экскурсii па цэнтрах бяспекі, музеях i пажарных аварыйна-ратавальных частках – усё гэта i многае iншае падрыхтавалi работнiкi МНС для дзяцей. Гэтыя мерапрыемствы дазволяць дзецям праявiць эрудзіцыю i кемлiвасць, раскрыць творчы патэнцыял, выпрабаваць свае сiлы i цягавiтасць, а галоўнае – засвоiць, паўтарыць i замацаваць жыццёва важныя правiлы бяспекі. Таксама будуць дэманстравацца тэматычныя вiдэа i мультфiльмы ад МНС, а ўдзельнiкi атрымаюць наглядна-выяўленчую прадукцыю.
Паважаныя бацькi, не забывайце пра тое, што вы павiнны паклапацiцца пра бяспеку сваiх дзяцей: стварыце бяспечныя ўмовы пражывання, нi ў якiм разе маленькiх не пакiдайце без нагляду нават на некаторы час, прагаварыце з дзецьмi небяспечныя сiтуацыi i iх наступствы. Дапамагчы вам у гэтым можа youtube-канал «МНС дзецям». Будзьце прыкладам для дзіцяці i выконвайце правілы бяспекі.
Далучайцеся да мерапрыемстваў МНС i разам мы зробім лета дзяцей бяспечным!