У Расонскім раёне прайшла прафілактычная акцыя
На тэрыторыі Расонскага і Сакалішчанскага сельсаветаў расонскія ратавальнікі сумесна з работнікамі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС правялі прафілактычнае мерапрыемства, накіраванае на зніжэнне верагоднасці ўзнікнення пажараў, гібелі ад іх людзей і забеспячэнне проціпажарнай абароны аб'ектаў жыллёвага фонду.
Перад правядзеннем акцыі начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС Яўген Казлоў правёў інструктаж з прадстаўнікамі суб'ектаў прафілактыкі, якія прымалі ўдзел у прафілактычнай рабоце.
З жыхарамі аграгарадка Сакалішча работнікі МНС сумесна з прадстаўнікамі раённых службаў правялі гутарку, у ходзе якой разгледзелі пытанні па напрамку дзейнасці кожнай са службаў.
Таксама ратавальнікі наведалі домаўладанні ў Расонах і населеных пунктах Сакалішчанскага сельсавета, надаючы асаблівую ўвагу дзіцячай бяспецы, ацяпляльным і электрычным прыборам, аўтаномным пажарным апавяшчальнікам.
З усімі жыхарамі быў праведзены інструктаж аб мерах пажарнай бяспекі з уручэннем наглядна-выяўленчай прадукцыі.