На пожаре в Россонах работники МЧС спасли отца и сына

На пажары ў Расонах работнікі МНС выратавалі бацьку і сына

17 чэрвеня а 4-30 расонскім ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў гарадскім пасёлку Расоны.

Да месца выкліку неадкладна былі накіраваны падраздзяленні МНС. Па прыбыцці назіралася адкрытае гарэнне веранды прыватнага жылога дома, агонь пачынаў распаўсюджвацца на дах будынка.

– Каля дома на вуліцы стаялі суседзі, якія сказалі, што ўнутры могуць знаходзіцца два чалавекі, яны прыкладна апісалі нам размяшчэнне пакояў унутры дома, – расказаў ратавальнік Сяргей Мартынаў. – Увайсці праз веранду не было магчымасці, дзверы былі зачынены. Тады я прыняў рашэнне пракрасціся ўнутр праз аконны праём. Разам з таварышам Сяргеем Кліменкам мы пралезлі ўнутр, у пакоі было шмат дыму. У першым на ложку мы адразу ўбачылі спячага мужчыну, як аказалася пазней, гэта быў гаспадар дома, пенсіянер, 1953 года нараджэння. Мы вывелі яго на вуліцу і вярнуліся шукаць другога чалавека. У суседнім пакоі на ложку, усё таксама спячым, мы ўбачылі сына гаспадара, 1992 года нараджэння і таксама вывелі на свежае паветра.

Выратаваных агледзелі медыкі, шпіталізацыя ім не спатрэбілася.

У выніку пажару ў доме пашкоджана веранда і маёмасць, закапчаны сцены. Разглядаюцца дзве версіі прычыны ўзнікнення пажару, адна з іх – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

МНС інфармуе:

- 90% гібелі людзей на пажарах адбываецца па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём! Кожны чацвёрты загінулы на пажары паліў у пасцелі;

- у выпадку пажару неадкладна тэлефануйце па нумары 101 або 112. Укажыце імя, прозвішча, адрас і прычыну ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, а таксама паведаміце аб наяўнасці ў палаючым памяшканні людзей;

- найбольш эфектыўным сродкам выяўлення пажару ў доме або ў кватэры з'яўляецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ён рэагуе на найменшую канцэнтрацыю дыму, падае магутны гукавы сігнал, які здольны разбудзіць нават спячага чалавека. Усталюйце аўтаномны пажарны апавяшчальнік! У выпадку пажару гэта дапаможа захаваць жыццё вам і блізкім!

 

Галерэя выяў

  •