Нельга забыць, зразумець і апраўдаць…
Расонскія ратавальнікі і члены іх сем'яў, а таксама прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі «Ратавальнік» наведалі раней невядомае месца расстрэлу і пахавання мірных грамадзян у Полацкім раёне.
У ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, за некалькі кіламетраў ад Полацка ў чэрвені гэтага года былі пачаты пошукавыя работы па выяўленні месца расстрэлу і пахавання сем'яў падпольшчыкаў, чырвонаармейцаў і часткі яўрэйскага насельніцтва.
На працягу двух гадоў работнікі пракуратуры працавалі з архіўнымі дакументамі. Была невялікая блытаніна ў вызначэнні месцазнаходжання. Дзякуючы дапамозе вайскоўцаў 52-га пошукавага батальёна, рассекрэчаным аэрафотаздымкам Люфтвафэ акупацыйнага перыяду ўдалося ўсталяваць дакладнае месца і час знішчэння мірнага насельніцтва.
– Падчас падрыхтоўчай працы пошукавікі і работнікі пракуратуры абапіраліся таксама на архіўныя апытанні мясцовых жыхароў 1945 года. Пакуль складана назваць канкрэтную лічбу, але ўстаноўлена, што гэта мірныя жыхары, а менавіта жанчыны і дзеці, пажылыя і інваліды, – адзначыў старшы памочнік пракурора Полацкага раёна Атрашкевіч Сяргей Аляксандравіч. – Тое, што зверствы чынілі нацысты, усталявалі эксперты па канфіскаваных гільзах з маркіроўкай CC.
Прысутныя агледзелі жахлівую карціну адкрытага масавага пахавання, а таксама азнаёміліся з экспазіцыяй асабістых рэчаў загінулых і інфармацыяй з архіўных дакументаў.
– Вельмі важна сёння захоўваць памяць аб тых жудасных падзеях і распавядаць пра гэта нашаму падрастаючаму пакаленню, – адзначыў старшыня Расонскай раённай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях «Ратавальнік» Аркадзь Гарохаў. – Гэтым самым мы забяспечым захаванне гістарычнай праўды і недапушчэнне паўтарэння такіх трагедый у будучыні.
Галерэя выяў
https://rossony.vitebsk-region.gov.by/rajonnye-sluzhby/rossonskij-rochs/goryachie-novosti/item/6442-nelzya-zabyt-ponyat-i-opravdat#sigProIdf7926db35f