У Расонскім раёне ўведзена забарона выхаду на лёд
Адпаведнае рашэнне прыняў Расонскі райвыканкам.
У выніку ўсталяваных умоў надвор'я на вадаёмах раёна з'яўляецца першы лёд, выхад на які можа прывесці да трагедыі. Так 21 лістапада ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці тонкі лёд ужо забраў жыццё маладога мужчыны 1988 года нараджэння, які вырашыў праверыць першы лёд. А 24 лістапада на лінію 101 паступіла паведамленне ад неабыякавага грамадзяніна аб тым, што на адным з штучных вадаёмаў у мікрараёне Білева г. Віцебска дзеці бегаюць па лёдзе. Да месца паведамлення аператыўна былі накіраваны ратавальнікі. Аказваецца, рызыкнуць сваім жыццём вырашылі дзеці пачатковых класаў. Ці ведалі ў той момант пра «гераічную адвагу» дзяцей іх бацькі, невядома! Ратавальнікі правялі гутарку з імі аб іх неабдуманым і небяспечным учынку, а таксама паведамілі ва ўстановы адукацыі для прадухілення трагедый, бо тонкі лёд нікому не даруе памылак.
У перыяд станаўлення лёду ратавальнікі і прадстаўнікі АСВОД правядуць рэйдавыя мерапрыемствы па вадаёмах раёна.
Каб не стаць ахвярай тонкага лёду, памятайце, што лёд на рэках, азёрах і іншых вадаёмах становіцца трывалым толькі ў перыяд поўнага станаўлення зімовага ледаставу. Бяспечным лічыцца лёд таўшчынёй не менш за 7 см. Аднак і зімой небяспечных для катання і пераправы месцаў дастаткова. Да іх адносяцца: пратокі, якія ўтвараюцца хуткім цячэннем рэк, падземнымі ключамі, што выходзяць на паверхню, і спускамі цёплай вады ад прамысловых прадпрыемстваў, палонкі, рыбалоўныя лункі, месцы выколкі лёду.
Перш чым спусціцца на лёд, праверце месца, дзе лёд прымыкае да берага – могуць быць пратокі, снежныя наносы, што закрываюць іх. У вусці рэк трываласць лёду аслаблена з-за цячэнняў.
Перад пачаткам руху і ў працэсе руху па лёдзе правярайце яго трываласць падручнымі сродкамі (жэрдкай, лыжнай палкай і інш.), ні ў якім разе не ўдарыце нагамі па лёдзе. Памятайце, што выходзіць на лёд можна толькі надзеўшы ратавальны камізэль. Не дапускайце бестурботных учынкаў, беражыце сябе і сваё жыццё.