МЧС напоминает! Будьте осторожны с огнем  при наведении порядка на придомовой территории!

МНС нагадвае! Будзьце асцярожныя з агнём пры навядзенні парадку на прыдамавой тэрыторыі!

Штогод з надыходам вясны людзі пачынаюць наводзіць парадак на прыдамавой тэрыторыі і зямельных участках, спальваючы сухую расліннасць і леташнюю лістоту. У сувязі з гэтым існуе шэраг фактараў небяспекі – узнікненне пажараў у прыродных экасістэмах, распаўсюджванне агню на населеныя пункты, што спрыяе ўсталяванню пажаранебяспечнага перыяду. З году ў год ратавальнікі працягваюць выязджаць на тысячы пажараў, звязаных з сезонным выпальваннем.

Па стане на 26.03.2025 у рэспубліцы зафіксавана 2600 выпадкаў гарэння травы і хмызнякоў на плошчы 556,5 Га (за аналагічны перыяд 2024 года 492 выпадкі на плошчы 50 Га), а таксама адбылося 190 лясных пажараў на плошчы 218,9 Га (за аналагічны перыяд 2024 года 9 лясных пажараў на плошчы 4,9 Га).

Варта адзначыць, што ў Беларусі, згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама стэрні і пажніўных рэшткаў на палях, альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў, вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. У адпаведнасці з артыкулам 16.41 за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу да 12 базавых велічынь. У выпадку прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры наступае крымінальная адказнасць.

Калі вы ўсё ж вырашылі распаліць вогнішча на сваім падворку, то не варта грэбаваць простымі мерамі засцярогі.

Пры выбары спосабаў утылізацыі сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў неабходна выконваць наступныя ўмовы:

– распальваць вогнішчы варта пры ўмове забеспячэння грамадзянамі бесперапыннага візуальнага кантролю за працэсам гарэння і тлення;

– месцы для распальвання вогнішчаў павінны быць ачышчаны ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці. Рэкамендуецца абкапаць месца вогнішча або распальваць яго ў спецыяльнай незгаральнай ёмістасці.

– у даступнасці неабходна мець сродкі тушэння, да якіх адносяцца першасныя сродкі пажаратушэння, ёмістасці з сыпучымі матэрыяламі і г.п.;

– працэс гарэння і тлення павінен ажыццяўляцца такім чынам, каб полымя і іскры не траплялі на гаручыя элементы будынкаў, гаспадарчых пабудоў і збудаванняў, на гаручыя рэчывы і матэрыялы, якія захоўваюцца. Пры гэтым бяспечная адлегласць вызначаецца грамадзянінам самастойна зыходзячы з памераў вогнішча, віду гаручых матэрыялаў і ўмоў надвор'я;

– па заканчэнні працэсу гарэння рэшткі гаручых (тлеючых) матэрыялаў павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення.

Забараняецца:

– выпальванне сухой расліннасці на корані на прыдамавой тэрыторыі, зямельных участках, прадастаўленых для вядзення калектыўнага садаводства або дачнага будаўніцтва;

– развядзенне вогнішчаў на тарфяных грунтах, пад кронамі дрэў;

– выкарыстанне для распальвання вогнішчаў і вугалю лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцей.

Штогод работнікі МНС сярод асноўных прычын узгаранняў у прыродных экасістэмах вылучаюць неасцярожнае абыходжанне з агнём грамадзянамі і выпальванне сухой расліннасці, гэта значыць чалавечы фактар. Часцей за ўсё ахвярамі такіх пажараў становяцца пенсіянеры, якія наводзяць парадак на ўчастках.