Расонская зямля была заселена чалавекам у глыбокай старажытнасці: пра гэта сведчаць больш за 20 гарадзішчаў і некалькі груп курганных могільнікаў. На думку вучоных, засяленне раёна адбылося ў эпоху мезаліту – у IX-V тысячагоддзях да н.э.
Самым вядомым, авеяным легендамі курганом з'яўляецца Рагнедзін курган. Знаходзіцца ён недалёка ад вёскі Перавоз, на паўднёва-ўсходнім беразе возера Дрысы. Старажытнае паданне кажа, што менавіта тут пахаваны Полацкі князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда.
Расонская зямля захоўвае ў сабе таямніцы камянёў-валуноў, якія з'яўляюцца геалагічнымі помнікамі прыроды. Апошні ледавіковы перыяд пакінуў таксама на тэрыторыі раёна найпрыгажэйшыя помнікі прыроды ў выглядзе перасякаемых рэкамі азёравых град (Межаўская і Рылеўская).
Па дакументах паселішча вядома з 1552 года як населены пункт у Полацкім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага.
Знаўцы тапанімікі сцвярджаюць, што пасёлак атрымаў назву ад возера Расоно, каля якога ён знаходзіцца. У аснову назвы лягло старабеларускае слова «расхоны» — яры, схілы, якія разыходзяцца ў два бакі, невялікія заліўчыкі, якімі якраз багата возера.
Расонскі раён створаны 17. 07. 1924 г. У раёне 128 населеных пунктаў, у тым ліку гарадскі пасёлак Расоны, размешчаны на беразе аднайменнага возера за 276 кіламетраў ад Мінска і 165 кіламетраў ад Віцебска.
Насельніцтва раёна на 01.01.2025 складае 8050 чалавек, у тым ліку 4401 гарадскога і 3649 сельскага насельніцтва. Адміністрацыйна раён дзеліцца на 6 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Сакалішчанскі, Янкавіцкі.
Раён быў сведкам і арэнай многіх гістарычна важных падзей. У гады Лівонскай вайны ля зліцця рэк Нішча і Дрыса ў 1566 годзе рускімі войскамі была закладзена крэпасць «Сокал». Гэта быў адзін з наймацнейшых замкаў таго часу: ён меў адзінаццаць вежаў і быў акружаны драўлянай сцяной, валам і ровам. Але войны робяць сваё… Сакалінскі замак існаваў усяго толькі 13 гадоў, а менавіта да 11 верасня 1579 г. У гэты дзень пасля ўпартага супраціву рускага гарнізона ён быў узяты літоўскімі войскамі і спалены.