У Расонскім раёне зарэгістравана 8 рэлігійных суполак. З агульнай колькасці: 3 праваслаўныя, 1 рымска-каталіцкая, 2 хрысціян веры евангельскай, 1 евангельскіх хрысціян баптыстаў і 1 адвентыстаў сёмага дня.

Візітная картка Расона – знакаміты храм Узвіжання Гасподняга

Царква ўзведзена ў 1879 годзе з мясцовага бутавага каменя. Як і ўсе цэрквы раёна, яна адносілася да Полацкай епархіі. Што тычыцца архітэктуры пабудовы, то ўзведзена яна была ў нацыянальна-рамантычным мастацкім напрамку, арыентаваным на аднаўленне традыцый і формаў старажытнарускага дойлідства. Асноўны кубападобны аб'ём храма быў завершаны пяццю купаламі. Да храма далучана двух'ярусная, завершаная галоўкай званіца з бакавымі пабудовамі. Царква будавалася «халоднай» (без печаў), была пакрыта па цэнтры бляшаным дахам, завершаным купалам (не захаваўся). Побач размяшчаліся дамы настаяцеля, дзякана, званічара і псаломшчыка. Насупраць храма знаходзілася трохгадовая царкоўна-прыходская школа, дзе, акрамя асноўных прадметаў, выкладаўся закон Божы. Старая драўляная царква, што знаходзілася недалёка, была разабрана, а на яе месцы пабудавана капліца.

На жаль, перад Вялікай Айчыннай вайной расонскі храм быў зачынены, абразы і прадметы царкоўнага начыння згублены. Аднак час усё расстаўляе на свае месцы: у 1992 годзе на добраахвотныя ахвяраванні прыхаджан быў адноўлены праваслаўны храм у Расонах, які стаў насіць новую назву – царква Узвіжання Гасподняга, і ўжо ў 2004 годзе культавая пабудова ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У 2006 годзе ў расонскім храме ўсталяваны новы іканастас, а ў 2011 годзе царква Узвіжання Гасподняга паўстала перад намі ў новым абліччы – завяршыліся рэстаўрацыйныя работы па рэканструкцыі купальнай даху.

GPS: 55.886133, 28.816381

Адрас: г.п. Расоны, вул. Калгасная 96А

Тэлефон: +3752159 5-25 06

Протаіерэй Аляксандр Гардзевіч

e-mail: hram.rossony

Касцёл Святога Іасафата Кунцэвіча

Будаўніцтва касцёла Святога Іасафата Кунцэвіча пачалося ў 2005 годзе. Для таго каб завяршыць яго, спатрэбілася пяць гадоў. У абліччы храма прысутнічаюць элементы готыкі. Пасля завяршэння асноўных работ сцены касцёла былі распісаны сюжэтамі, якія ўзыходзяць да творчасці італьянскага мастака Джаота ды Бандонэ.

На адной са сцен унутранага памяшкання размяшчаецца крыж, які мясцовым жыхарам удалося выратаваць пасля таго, як быў знішчаны касцёл у вёсцы Гарбачова. А таксама ў адну са сцен умураваны фрагмент таго храма.

GPS: 55.886177, 28.816401

Адрас: г.п.Рассоны, вул.Садовая д.19

Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца

 Храм быў пабудаваны ў 1997 годзе. У цяперашні час адносіцца да Расонскага благачыння.

GPS: 55.814619, 29.272938

Адрас: Расонскі раён, в. Краснаполле, вул. Цэнтральная, 1

Капліца абраза Божай Маці «Лекарка»

  • Адрас: г.п. Расоны, вул. Камсамольская (на тэрыторыі УЗ «Расонская цэнтральная раённая бальніца)
  • Год пабудовы - 2015
  • GPS: 55.902458, 28.80847

Крыніца «Серабранка» - асвечаная крыніца крынічнай вады

Аб дзіўных уласцівасцях вады з крыніцы, якую людзі ахрысцілі «Серабранкай», ходзяць легенды. Нібыта валодае яна жыватворнай сілай, вылечвае, дае жыццёвую энергію. Здаўна мясцовыя жыхары пратапталі сцежку да крыніцы. У ранейшыя часы пад'язджаў сюды і водавоз з сядзібы расонскага памешчыка Глазко. Пан ведаў, што больш чыстай вады не знайсці ў акрузе.

З крыніцы выцякае ручаёк, ён не замярзае нават пры 30-градусным марозе. Дно нібы пасыпана серабрыстымі крупінкамі, якія пераліваюцца на сонцы. Калі зрабілі аналіз вады, высветлілася, што яна змяшчае вялікую колькасць срэбра. Так што назву сваю носіць нездарма.

Не так даўно «Серабранка» засвяцілася залатымі купаламі над новымі зрубамі, устаноўленымі над студняй і купальняй. Да крыніцы выклалі дарожку, паставілі лаўкі, упрыгожаныя драўлянымі скульптурамі, абсталявалі аўтастаянку.

На свята Хрышчэння да асвечанай крыніцы ідуць людзі. Адважныя духам з малітвай акунаюцца ў купель, або, як правільна казаць, у іардань. Хрышчэнская вада, сцвярджаюць, сагравае душу. На марозе пасля акунання нібы нехта ўкрывае цёплым покрывам. Многія набіраюць ёмістасці з «серабранай» вадой, якая сімвалізуе вечнае цячэнне жыцця.

GPS: 55.860880, 28.440135

Расонскі р-н, Клясціцкі с/с

Галерея изображений