Агульныя звесткі аб арганізацыі дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь і аб нацыянальнай прававой сістэме

Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на:

  • заканадаўчую;
  • выканаўчую;
  • судовую.

Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя. Яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.

Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ.

Народ ажыццяўляе сваю ўладу як праз прадстаўнічыя і іншыя дзяржаўныя органы, так і непасрэдна ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй краіны.

Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Такім чынам сцвярджаецца і рэалізуецца прынцып вяршэнства права.

Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі.

Сістэма органаў дзяржаўнай улады краіны ўключае ў сябе:

  • Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (Кіраўніка дзяржавы);
  • Парламент (Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь: Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў);
  • Урад (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь);
  • суды;
  • пракуратуру;
  • Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь;
  • органы мясцовага кіравання.